ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 6 ліпеня 2022
Мінск Малавоблачна +17°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
26 мая 2022, 13:07

У Польшчы рэальныя цэны на прадукты значна вышэйшыя за афіцыйную інфляцыю

Фота з архіва
Фота з архіва

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадуктовая інфляцыя ў Польшчы, паводле афіцыйных даных, у красавіку склала 12,7 працэнта. Аднак у рэальнасці кошт прадуктаў на прылаўках магазінаў падскочыў на 20 працэнтаў, а ў некаторых выпадках і на 50 працэнтаў, паведамляе польская газета Rzeczpospolita.

Значна падаражэлі ў Польшчы малочныя прадукты, мяса і хлеб. Паводле даных цэнтра CMR, які займаецца маніторынгам рынку, у магазінах малога фармату цэны ўзляцелі куды больш, чым гэта паказвае афіцыйная інфляцыя ў краіне.

Так, малако ў гадавым вылічэнні падаражэла больш як на 20 працэнтаў, цукар, сланечнікавы алей і сметанковае масла - на 40-50 працэнтаў. Значна выраслі цэны на хлеб, муку і макаронныя вырабы, каву і алкагольныя напіткі. Такая сітуацыя прывяла да таго, што ў некаторых катэгорыях тавараў продажы знізіліся, паколькі людзі сталі больш эканоміць.

Цэнавае галавакружэнне

Польскі фінансавы партал Money.pl называе цяперашнюю сітуацыю ў краіне цэнавым галавакружэннем. Апошні раз цэны ў Польшчы раслі так імкліва ў 1998 годзе.

Пры гэтым, адзначае партал, да дарагога паліва і электрычнасці паступова прывыкаеш. Аднак пакупкі ў прадуктовых магазінах становяцца для палякаў кашмарам. І цэны прадаўжаюць расці кожны месяц.

Эканамісты папярэджваюць, што аблягчэнне будзе не хутка. "Такія вялікія змяненні з'яўляюцца вынікам шоку на сусветных рынках пасля канфлікту Расіі і Украіны, і мы можам назіраць аналагічныя змяненні цэн па ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У гадавым вылічэнні цэны на прадукты харчавання ўжо выраслі на 12,7 працэнта, а сітуацыя на сусветных рынках указвае на патэнцыял паскарэння росту цэн вышэй за 15 працэнтаў", - папярэджваюць эканамісты банка PKO Bank Polski.

Дарагая сыравіна, затраты на электраэнергію і засуха

Эканаміст Credit Agricole Якуб Аліпра лічыць, што асноўнай прычынай росту цэн на прадукты харчавання з'яўляецца павышэнне кошту сельскагаспадарчай сыравіны, больш высокія затраты на электраэнергію і рабочую сілу. Негатыўным фактарам таксама стаў украінскі крызіс.

Росту цэн таксама садзейнічае павышаны попыт на мяса на фоне скарачэння вытворчасці з-за нізкай рэнтабельнасці свінагадоўчай галіны і страт, звязаных з птушыным грыпам.

У сваім апошнім аналізе цэн эксперты Credit Agricole таксама ўказваюць на вялікую ролю засухі, што назіраецца ў Польшчы і ў некаторых краінах, якія з'яўляюцца найбуйнейшымі сусветнымі вытворцамі і экспарцёрамі прадуктаў харчавання (уключаючы Заходнюю Еўропу, ЗША і Бразілію). "Гэта будзе дадаткова садзейнічаць росту цэн на збожжавыя і алейныя культуры, а, такім чынам, цэн на кармы і мяса. Гэта таксама паўплывае на рост цэн на фрукты і агародніну", - папярэджваюць эксперты.

Пік інфляцыі яшчэ наперадзе

Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы чакае, што цэны на прадукты харчавання вырастуць у сярэднім на 15 працэнтаў у 2022 годзе. Пік росту прыпадзе на апошні квартал, калі рост цэн на прадукты можа скласці 19 працэнтаў.

Песімізм пераважае і ў аналізе экспертаў банка Bank Ochrony Srodoviska. Яны прагназуюць, што ў маі агульная інфляцыя складзе каля 13,5 працэнта, а ў чэрвені перасягне 14 працэнтаў. Пры гэтым прадукты харчавання стануць асноўным рухавіком інфляцыі.

Эксперты адзначаюць, што ў маі назіраўся рост аптовых цэн на малочную прадукцыю і масла, таму ў гэтых катэгорыях чакаецца далейшае павышэнне рознічных цэн. Акрамя таго, прагназуецца павышэнне цэн на хлеб і крупы, а таксама на каўбасныя вырабы.

"Пакуль перспектывы плодаагародніннага рынку нядрэнныя (веснавых замаразкаў пакуль няма), што дае шанц на ўмераны рост цэн на айчынную агародніну і фрукты. Нарэшце, нават пры добрым ураджаі, цяжка чакаць зніжэння цэн на фрукты і агародніну ў гадавым вылічэнні, у асноўным з-за росту цэн на электраэнергію, паліва і ўгнаенні", - адзначаюць эканамісты Bank Ochrony Srodoviska.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі