ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 9 красавіка 2020
Мінск Малавоблачна +3°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
10 лютага 2020, 12:54

Шторм "Сіяра" накрыў Еўропу

Паводка ў Вялікабрытаніі. Фота з Twitter-акаўнта unionlib
Паводка ў Вялікабрытаніі. Фота з Twitter-акаўнта unionlib

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моцны шторм "Сіяра" абрушыўся на тэрыторыю Вялікабрытаніі 9 лютага. Ён прывёў да сур'ёзных перабояў у функцыянаванні грамадскага транспарту і падачы электраэнергіі, паведамляе Euronews.

З-за дрэннага надвор'я ў Вялікабрытаніі адменены дзясяткі паяздоў, а таксама ўнутраных і міжнародных авіярэйсаў, прыпынены паромныя перавозкі ў розных напрамках. У некаторых раёнах Уэльса парывы ветру дасягалі скорасці 40 м/с. Моцныя ліўні прывялі да паводкі ў многіх рэгіёнах, папярэджанне аб магчымым падтапленні будзе дзейнічаць сёння ў 200 населеных пунктах краіны. Больш за 20 тыс. дамоў засталіся без электрычнасці ў ноч на 10 лютага. Па ўсёй Паўночнай Ірландыі і большай частцы Шатландыі на працягу дня будзе дзейнічаць папярэджанне пра моцны вецер і снег.

Перадапошні, аранжавы, узровень небяспекі аб'яўлены ў сувязі з набліжэннем урагану ў 32 дэпартаментах Францыі, ён будзе дзейнічаць да 9.00 па мясцовым часе 11 лютага. Паводле даных кампаніі Enedis, больш за 130 тыс. дамоў былі пазбаўлены электрычнасці па стане на раніцу 10 лютага. На Корсіцы чакаюцца парывы ветру да 55 м/с. У аэрапортах Парыж - Шарль-дэ-Голь і Парыж - Арлі з-за шторму адменены амаль 50 рэйсаў.

Бельгія таксама прыняла на сябе моцны ўдар стыхіі. Папярэджанне Каралеўскага метэаралагічнага інстытута ў сувязі з дрэнным надвор'ем аб моцным ветры будзе дзейнічаць да 23.00 па мясцовым часе 10 лютага. У аэрапортах Бруселя, Льежа і Шарлеруа адменены каля сотні рэйсаў.

У Нідэрландах з-за шторму адменены каля 240 рэйсаў у аэрапорце Схіпхол, адным з самых загружаных у Еўропе. Парывы ветру ў краіне дасягалі 33 м/с.

У Ірландыі, дзе 8 лютага адбыліся ўсеагульныя выбары, з-за дрэннага надвор'я каля 14 тыс. спажыўцоў былі пазбаўлены электрычнасці. У Голуэі, які ў 2020 годзе з'яўляецца культурнай сталіцай Еўропы, у мінулыя выхадныя планаваліся мерапрыемствы, прымеркаваныz да гэтай падзеі. У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я арганізатары адмянілі ўсе ўрачыстасці, спаслаўшыся на грамадскую небяспеку, паведамляе ВВС.

Дрэннае надвор'е ўнесла карэктывы і ў работу аэрапортаў Германіі. У Мюнхене адменены больш за 420 рэйсаў , у Штутгарце - каля 35. Нямецкая чыгуначная кампанія Deutsche Bahn паведамляе аб сур'ёзных збоях у раскладзе паяздоў на поўначы краіны. Мясцовыя ўлады закрылі 10 лютага школы ў Вільгельмсхафене, Гетынгене, Гановеры, Брэмерхафене, Эмсландзе, Ашафенбургу і Пасау. Адміністрацыя Берліна з-за шторму дазволіла бацькам сёння не адпраўляць дзяцей у школу.

Інфармацыя аб загінулых у выніку шторму пакуль не паведамляецца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі