
5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўракамісія (ЕК) прадоўжыла да сярэдзіны верасня забарону на ўвоз аграпрадукцыі з Украіны ў пяць краін - Польшчу, Венгрыю, Славакію, Балгарыю і Румынію. Аб гэтым паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP) са спасылкай на крыніцу ў ЕС.
Забарона датычыцца імпарту пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніка з Украіны. Першапачаткова яна была ўведзена 2 мая і замяніла сабой аднабаковыя рашэнні адносна збожжавых, уведзеныя шэрагам краін, якія мяжуюць з Украінай. Дзеянне часовых абмежаванняў, прызначаных справіцца з празмернымі пастаўкамі ўкраінскіх збожжавых, заканчваецца 5 чэрвеня. Фермеры Польшчы, Венгрыі, Славакіі, Румыніі і Балгарыі скардзіліся, што танная аграпрадукцыя з Украіны робіць мясцовую вытворчасць нявыгаднай.
Камісар ЕС па сельскай гаспадарцы Януш Вайцахоўскі гаварыў 30 мая, што неабходна прадоўжыць як мінімум да канца кастрычніка абмежаванні, уведзеныя на імпарт украінскіх збожжавых, нягледзячы на процідзеянне Кіева і супраціўленне некаторых краін-членаў. Міністр сельскай гаспадаркі Румыніі Петрэ Дэа адзначаў, што краіна хоча, каб забарона была прадоўжана да канца года. У вегрыі таксама заяўлялі аб неабходнасці прадоўжыць абмежаванні як мінімум да канца 2023 года.
Міністр сельскай гаспадаркі Украіны Мікалай Сольскі асудзіў абмежаванні. Паводле яго слоў, прадаўжэнне абмежаванняў - гэта "няправільны шлях", Украіна выступае супраць гэтага. Ён таксама сказаў, што рашэнні павінны быць выпрацаваны ў кансультацыях з удзелам украінскага боку.
Раней акрамя ўвядзення забароны на ўвоз аграпрадукцыі з Украіны Еўракамісія паабяцала выдзеліць 100 млн еўра на падтрымку фермераў у пяці краінах Усходняй Еўропы. ЕК прапануе накіраваць 39,33 млн еўра дапамогі для Польшчы, 29,73 млн еўра для Румыніі, 9,77 млн еўра для Балгарыі, 15,93 млн еўра для Венгрыі і 5,24 млн еўра для Славакіі.-0-