ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 26 лістапада 2022
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
29 верасня 2022, 12:43

ЧП на "Паўночных патоках": Еўропа рыхтуецца да горшага

Фота з архіва ТАСС
Фота з архіва ТАСС

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У прычынах беспрэцэдэнтнага ЧП з "Паўночнымі патокамі" яшчэ трэба разабрацца. Складана пакуль ацаніць і сукупны эканамічны ўрон. Незразумела, за чый кошт будуць рамантаваць трубы і колькі часу гэта зойме. Еўропе ўжо прадказваюць спыненне вытворчасцей і экстрэмальна высокія цэны на газ. А ў самім ЕС апасаюцца, што пазбавяцца газаправодаў назаўсёды, гаворыцца ў матэрыяле РІА Навіны.

Мільярдныя страты

Уцечкі адбыліся адразу на трох нітках "Паўночнага патоку" і "Паўночнага патоку - 2". Гэта стала нечаканасцю і для Расіі, і для ЕС. Абодва бакі гавораць аб наўмысных дзеяннях і дыверсіі.

Прапускная здольнасць усіх нітак - 110 млрд кубаметраў. А кошт блакітнага паліва ў Еўропе перавышае цяпер $2000 за тысячу кубаметраў. І хоць абодва газаправоды на момант аварыі не выкарыстоўваліся, у іх знаходзіліся сотні мільёнаў кубаметраў тэхналагічнага газу.

Так, паводле экспертных ацэнак Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі, у кожнай нітцы магло знаходзіцца каля 100 млн кубаметраў газу. Калі лічыць па цяперашніх цэнах, гэта ўрон у памеры $500-600 млн. Плюс магчымыя штрафныя санкцыі ад рэгулятараў за шкоду навакольнаму асяроддзю. Паводле іншых даных, у кожнай з трох нітак было ад 150 да 360 млн кубоў, гэта значыць сумарна - 450-1080 млн.

"Гэта залежыць і ад ціску ў трубах, які мог быць меншы за патрэбны пры прапампоўванні. Невядома, ці выцек увесь газ або частку ўдалося тэхнічна спыніць. Адпаведна, рыначны кошт уцечкі можа скласці $0,9-2,1 млрд", - лічыць Марк Гойхман, галоўны эканаміст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра TeleTrade.

Каму плаціць

Аналітыкі пакуль не бяруцца ацаніць магчымыя расходы на аднаўленне інфраструктуры. Галоўнае пытанне тут - хто будзе за гэта плаціць. Згодна з дагаворамі, рамонтам абавязаны займацца аператары "Паўночных патокаў" - даччыныя кампаніі "Газпрама". А тыя, хутчэй за ўсё, павінны наняць арганізацыі, здольныя зрабіць такую работу.

"Але за чый кошт рамантаваць? Па логіцы, сродкі павінны прадаставіць вінаватыя ва ўцечках. Праўда, незразумела, як заклікаць іх да адказу. Магчыма, за гэта возьмецца Стакгольмскі арбітраж або іншая міжнародная судовая арганізацыя", - разважае Леанід Хазанаў, незалежны прамысловы эксперт.

Калі здарэнне прызнаюць страхавым выпадкам - заплаціць страхоўшчык, але спатрэбіцца судовы разбор, адзначае незалежны аналітык у энергетычнай сферы Дзмітрый Адамідаў. Аднак, паводле яго слоў, пытанне нават не ў грашах. З улікам цяперашніх праблем з еўрапейскай прамысловасцю і лагістыкай, а таксама ўзаемных санкцый размясціць заказ на аднаўленне трубаправода і агрэгатаў не так проста. І кампетэнцыі па рамонце марской трубы ёсць не ў многіх.

У Еўропе ўжо рыхтуюцца да горшага. Як паведамляе Tagesspiegel са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўрадзе, улады баяцца, што тры трубы "Паўночнага патоку" і "Паўночнага патоку - 2" назаўсёды застануцца непрыдатнымі для выкарыстання. Паводле інфармацыі выдання, калі магістралі не адрамантуюць у бліжэйшы час, з-за разгерметызацыі ўнутр трапіць шмат салёнай вады, якая прывядзе да карозіі.

Экстрэмальныя цэны

Спадзявацца на хуткі рамонт не трэба. Абследаванне месца аварыі, магчыма, зойме некалькі тыдняў, а аднаўленне зацягнецца на месяцы.

Цяпер пастаўкі газу ў Еўропу ідуць выключна праз тэрыторыю Украіны (каля 42 млн кубаметраў у суткі) і праз трубаправод "Турэцкі паток". ЕС мог выкарыстаць "Паўночны паток", каб згладзіць геапалітычную барацьбу і атрымліваць блакітнае паліва з Расіі ў абмен на зняцце санкцый. Цяпер жа Еўропа пазбавілася магчымасці ўрэгуляваць пытанне і аднавіць у нармальным рэжыме пастаўкі газу з Расіі.

Кошт паліва толькі вырасце, а значыць уся газаёмістая прамысловасць будзе плаціць экстрэмальную цану або закрываць вытворчасці.

Спыненне прадпрыемстваў

У зоне рызыкі - сотні еўрапейскіх заводаў энергаёмістых галін. Як і раней, пад ударам будуць металургія і вытворчасць угнаенняў - 70 працэнтаў магутнасцей па выпуску азотных угнаенняў прастойвае ўжо.

З верасня ў Славакіі згортваюць вытворчасць Slovalco - галоўны пастаўшчык алюмінію на кантыненце. Аб спыненні работы паведаміў нідэрландскі цынкавы завод Budel. Стаў румынскі гігант Chimcomplex, што выпускае актанол і ізабутанол, неабходныя для вырабу клею, герметыку, лаку. На паўзе - польскі ANWIL, нарвежская Yara скараціла магутнасці да 35 працэнтаў. У Германіі распускае філіялы хімічная кампанія SKW Stickstoffwerke Piesteritz.

"Калі экспарт прыроднага газу з Расіі спыніцца, стануць усе прадпрыемствы па выпуску фосфарных і калійных угнаенняў. Адначасова гэта доля спасцігне металургічныя, аўтамабільныя, харчовыя і іншыя прамысловыя заводы, многія электрастанцыі, што выкарыстоўваюць блакітнае паліва. Можа нават скараціцца рух пасажырскіх і грузавых паяздоў", - лічыць Леанід Хазанаў.

Такім чынам, энергетычны крызіс у Еўропе зімой увойдзе ў новую вострую фазу. Расія ў сваю чаргу пазбаўляецца патэнцыяльных даходаў ад паставак газу на няпэўны тэрмін. У МЗС РФ ужо заявілі: Масква гатова расследаваць аварыі на "Паўночных патоках" разам з Бруселем. У пятніцу, 30 верасня, у сувязі з дыверсіямі супраць газаправодаў адбудзецца тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі