ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Ясна +12°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
26 ліпеня 2022, 17:01

Baltnews: план Бруселя па эканоміі газу давядзе Еўропу да бойкі за электраэнергію

Фота з архіва
Фота з архіва

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. План Еўракамісіі па эканоміі прыроднага газу ў краінах ЕС можа прывесці да эканамічнай катастрофы. Узровень вытворчасці на энергаёмістых прадпрыемствах знізіцца, скароцяцца рабочыя месцы, што яшчэ больш падштурхне дзяржавы да стагфляцыі, асабліва Літву, Латвію і Эстонію, піша Baltnews.

Дыктатура эканоміі

Еўракамісія прапанавала членам ЕС скараціць попыт на прыродны газ на 15 працэнтаў са жніўня 2022 года па красавік 2023 года. Такая "рэкамендацыя", мякка кажучы, выглядае як загад у дыктатарскай дзяржаве, адзначае Baltnews.

"Усе спажыўцы, органы дзяржаўнай улады, хатнія гаспадаркі, уласнікі грамадскіх будынкаў, пастаўшчыкі электраэнергіі і прамысловасць могуць і павінны прымаць меры па эканоміі газу", - сказана ў дакуменце ЕК.

У прапанаваным плане ЕК выкладзены не толькі меры, прынцыпы і крытэрыі для скаардынаванага скарачэння попыту, але таксама і пункты, якія прадугледжваюць замену еўрапейскімі краінамі газу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

У цэлым логіка цалкам зразумелая. Калі першую палову года ў Еўрасаюзе цана газу складае $1500-1900 за тысячу куб.м, то да канца 2022-га, асабліва зімой, кошт будзе яшчэ вышэйшы. Выснова - трэба запасціся як мага большай колькасцю блакітнага паліва сёння, каб траціць яго ў ацяпляльны сезон. Альтэрнатывы газу для выпрацоўкі энергіі Еўрасаюзу знайсці так і не ўдалося, павелічэнне аб'ёму закупак ЗПГ і вугалю праблему не вырашыла.

Паралельна з гэтымі рэкамендацыямі Еўракамісія абвінавачвае ва ўсім Маскву. "За апошні год у пастаўках газу з Расіі адбыўся шэраг перабояў, якія можна растлумачыць толькі наўмыснай спробай выкарыстоўваць энергетыку ў якасці палітычнай зброі", - сказана ў дакуменце.

Тыя, хто складаў гэты дакумент, зразумела, не захацелі ўдакладняць, што "Газпрам" не парушыў ніводнага з пунктаў у кантрактах, заключаных з еўрапейскімі краінамі. Некаторыя з іх (Польшча, Балгарыя, Фінляндыя, Нідэрланды, Данія) проста адмовіліся плаціць расійскаму холдынгу па новай схеме, мэта якой - забяспечыць бяспеку плацяжоў, а не аддаваць газ ЕС на свой страх і рызыку, перажываючы, ці не замарозяць заўтра рахункі з яго аплатай.

У Еўракамісіі таксама забылі згадаць, што пастаўкі блакітнага паліва па Nord Stream скараціліся за апошнія тыдні з-за штогадовага прафілактычнага рамонту магістралі (аб чым папярэджвалі за паўгода). Зразумела, еўрапейскія чыноўнікі нічога не сказалі і аб тым, што Канада доўгі час не хацела аддаваць турбіны пасля рамонту, неабходныя для нармальнай работы Nord Stream.

У зніжэнні аб'ёмаў прапампоўкі праз газаправод "Ямал-Еўропа", вядома, таксама вінавата Масква. Праўда, пачынаючы з 2021 года спажыўцы ў Еўропе не хочуць купляць газ з гэтай магістралі, але гэта ўжо нязначныя і нікому нецікавыя дэталі.

"Нарэшце, абвінавачваць Маскву ва ўсіх эканамічных праблемах для ЕК і многіх кіраўнікоў дзяржаў Старога Свету - гэта ўжо норма, да якой усе прывыклі. Энергакрызіс, выкліканы фанатычнай дэкарбанізацыяй і бяздумным развіццём зялёнай энергетыкі там, дзе трэба і нятрэба, вялікія даўгі краін ЕС, міграцыйны крызіс, выкліканы недальнабачнай палітыкай Бруселя, рост інфляцыі - усё гэта з-за ФСБ, Крамля, рускіх хакераў. Гучыць неразумна, так. Але не прызнаваць жа Еўракамісіі ўласныя памылкі", - адзначае Baltnews.

Іншае пытанне, што русафобіяй дом не абагрэеш і завод не запусціш. А паколькі ЕС мае намер адмаўляцца ад паставак газу з Расіі, прычым некаторыя краіны ўжо часткова гэта зрабілі ці пачынаюць рабіць, адзінае выйсце для вырашэння праблемы дэфіцыту - эканоміць. Колькі гэта будзе каштаваць і наколькі гэта складана ў тэхнічным плане, не мае значэння, таму выбару ў Еўропы (калі яна толькі рэзка не зменіць знешнюю палітыку) няма, адсюль і такая жорсткая рыторыка Еўракамісіі.

Прыбалтыйскі энергакалапс

Для зацвярджэння ініцыятывы ЕК па скарачэнні попыту газу ў Еўрасаюзе на 15 працэнтаў, яе павінны падтрымаць 15 дзяржаў, агульная колькасць насельніцтва якіх складае не менш за 65 працэнтаў насельніцтва ЕС.

Калі палітычныя эліты ў Заходняй Еўропе, уключаючы нават Германію, сёння горача спрачаюцца аб тым, як і дзе можна сэканоміць, а некаторыя нават заклікаюць запусціць "Паўночны паток-2", то ў рэспубліках Балтыі крыху іншы настрой.

Міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс расказаў, што краіна без праблем можа скараціць спажыванне газу на 15 працэнтаў у крытычнай сітуацыі: "Літва, вобразна кажучы, сёння выкарыстоўвае 22 судны з газам, 15 працэнтаў - тры судны, з гэтых трох суднаў, калі скараціць, то паўтара судна - на абаграванне Вільнюса газам. Мы мяняем іх на мазут, так што аўтаматычна атрымліваецца скарачэнне".

Здаецца, што ўсё проста - замяніць палову адсутных аб'ёмаў газу для краіны на мазут. Праўда, у сувязі з гэтым узнікае адразу некалькі пытанняў. Напрыклад, што рабіць з другой паловай з гэтых адсутных 15 працэнтаў? Ці так проста будзе замяніць газ на мазут у тэхнічным плане, і як гэта паўплывае на кліматычны парадак дня? Таксама незразумелае пытанне, дзе ўзяць дадатковыя аб'ёмы мазуту. Як вядома, мазут робіцца з нафты, а яна цяпер вельмі дарагая.

У літоўскіх чыноўнікаў таксама варта спытаць, хто будзе расплачвацца за такую эканомію газу - хатнія гаспадаркі, бізнес, бюджэт краіны ці Брусель, які выдзеліць дадатковыя датацыі для Літвы? Адказаў на гэтыя цалкам лагічныя пытанні няма, і нешта падказвае, не будзе і ў бліжэйшым будучым.

Нагадаем, спажыванне газу ў Літве за апошнія гады складае каля 2,2 млрд куб.м за год. Калі ўзяць у якасці прыкладу дакрызісны і дакаранавірусны 2019 год, то на прамысловасць прыпадае 67 працэнтаў ад агульнага спажывання газу (уключаючы неэнергетычныя віды выкарыстання, у асноўным вытворчасць угнаенняў), на электрастанцыі - 12 працэнтаў, станцыі цэнтралізаванага цеплазабеспячэння - 7 працэнтаў, жыллёва-камунальны сектар - 14 працэнтаў.

Тэарэтычна можна павялічыць закупкі ЗПГ у Нарвегіі, ЗША ці іншых пастаўшчыкоў звадкаванага газу. Ён, праўда, цяпер дарагі, а з восені, калі попыт на яго ў Азіі вырасце, будзе яшчэ даражэйшым. "Але нічога, у Літвы ж ёсць ЗПГ-тэрмінал у Клайпедзе, а праблема высокага кошту таксама вырашальная. За ўсё заплацяць простыя абывацелі, ім ужо не прывыкаць да павышэння цэн на камунальныя паслугі. Дарэчы, калі іх гэта раззлуе, адгадайце каго - хітра глядзім у бок Расіі - назначаць галоўным вінаватым?" - іранізуе Baltnews.

У Мінэканомікі Эстоніі, якая гэтак жа, як і Літва, залежыць ад імпарту электрычнасці і карысных выкапняў, ужо крыху менш энтузіязму, чым у Дайнюса Крэйвіса. Ведамства 20 ліпеня рэкамендавала ўсім спажыўцам максімальна скараціць выкарыстанне прыроднага газу і па магчымасці прымяняць альтэрнатыўныя віды паліва.

Там таксама адзначылі, што ўсім вытворцам цяпла, якія могуць выкарыстоўваць сланцавае масла замест газу, рэкамендуецца пачаць рабіць гэта як мага хутчэй. Відавочна, што пасля адмовы ад імпарту газу з РФ, закупак ЗПГ або недастаткова, або гэта абыходзіцца бюджэту Эстоніі вельмі дорага.

А газ краіне патрэбны, у першую чаргу для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, 34 працэнты магутнасцей якога працуе за кошт гэтага тыпу вуглевадародаў. Неабходна блакітнае паліва для жыллёва-камунальнага сектара і сельскай гаспадаркі (36 працэнтаў), а таксама прамысловасці (26 працэнтаў).

Саюз гарадоў і валасцей Эстоніі (ELVL) ужо заклікае ўрад увесці рэжым надзвычайнага становішча па ўсёй краіне з-за таго, што ў Балтыйскай Рэспубліцы, па-першае, ужо цяпер не хапае газу, а па-другое, няма запасаў, якія спатрэбяцца гэтай зімой. Ідэю ELVL падтрымалі і ў Eesti Energia - найбуйнейшым энергаканцэрне краіны.

Усё больш палітыкаў у Эстоніі ўжо не саромеюцца ў заявах і гавораць пра энергакалапс, які набліжаецца. Напрыклад, віцэ-мэр Таліна Уладзімір Свет пацвердзіў, што газу недастаткова, а асноўны пастаўшчык цяпла і газу сталіцы гатовы забяспечыць 95 працэнтаў домаўладанняў Таліна толькі на трэць.

Па сутнасці, прапанова Еўракамісіі эканоміць 15 працэнтаў спажываемага газу для Эстоніі - гэта тое ж, што сказаць чалавеку, які тоне ў моры, што ён можа намокнуць, бо пачынаецца дождж.

Сейм Латвіі 14 ліпеня прыняў у канчатковым чытанні папраўкі да закона аб энергетыцы, якія ўводзяць забарону на імпарт расійскага прыроднага газу з 1 студзеня 2023 года. Гэта ва ўмовах, калі доля газу ў энергетыцы краіны складае 49,5 працэнта (даныя 2020 года).

Дарэчы, у сакавіку 2022 года ў Міністэрстве эканомікі Латвіі паведамілі, што каля 90 працэнтаў імпарту прыроднага газу ў краіну ў мінулым годзе паступіла з Расіі. Рыга ў наступным годзе, па сутнасці, апынецца ў той жа сітуацыі, што і Эстонія.

З 2023 год Латвія, калі хутка не знойдзе замену расійскаму газу (што па той жа цане, у прынцыпе, немагчыма), вымушана будзе эканоміць не 15 працэнтаў, аб якіх гаворыць Еўракамісія, а значна больш. Пры гэтым ніякіх паведамленняў аб заключэнні Рыгай доўгатэрміновых кантрактаў з новымі пастаўшчыкамі газу, не паступала.

Бойка за электраэнергію - змрочная перспектыва Еўропы

У гутарцы з Baltnews галоўны дырэктар па энергетычным напрамку расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Аляксей Громаў растлумачыў, што вялікая частка краін ЕС, асабліва балтыйскія рэспублікі, ідэалагічна гатовы падтрымаць ініцыятыву Еўракамісіі. Аднак далёка не ўсім падабаецца (незадаволенасць ужо выказалі Грэцыя, Іспанія, Партугалія і Польшча), што эканоміць, магчыма, давядзецца ў абавязковым парадку. Далёка не ўсім у Старым Свеце падабаецца, калі Еўракамісія зможа нейкім чынам караць краіны, якія не выканалі ўмову скарачэння спажывання газу.

"Калі такая мера стане для ўсіх абавязковай, то ўзровень жыцця насельніцтва ў Прыбалтыцы можа знізіцца. Наколькі значна, пакуль сказаць складана. Адназначна будуць эканоміць на інфраструктуры грамадскага прызначэння - скажам, у вызначаныя гадзіны адключаць асвятленне на вуліцах, паніжаць тэмпературу ў закрытых месцах розных грамадскіх аб'ектаў і да т.п. Пры гэтым больш за ўсё дастанецца эканомікам тых краін, дзе газ - гэта важная крыніца энергіі для прамысловых аб'ектаў, такім чынам, у прадпрыемстваў Літвы будзе больш праблем, чым у Эстоніі і Латвіі", - гаворыць эксперт.

На думку Аляксея Громава, спыненне буйных прадпрыемстваў - гэта, вядома, крайняя мера. Хутчэй за ўсё, у Прыбалтыцы могуць звярнуцца да нарміравання спажывання электрычнасці сярод энергаёмістых аб'ектаў. У нейкі момант такі працэс прывядзе да "бойкі" за права выкарыстоўваць больш энергіі, калі астатнія вымушаны чакаць сваёй чаргі.

"Цалкам эканоміку балтыйскіх краін гэта, вядома, не абяскровіць, але новыя праблемы дакладна з'явяцца. Калі энергаёмістае прадпрыемства будуць працаваць з перапынкамі, знізіцца вытворчасць, работадаўцы вымушаны будуць скарачаць рабочыя месцы. Зразумела, у людзей, якія там працавалі, знізяцца даходы. На фоне высокай інфляцыі, падаражэння рахункаў за камунальныя паслугі і іншых праблем гэта будзе працаваць як снежны камяк", - рэзюмаваў эксперт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі