
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БФСТ "Дынама" - гэта праваднік здаровага ладу жыцця і маральных каштоўнасцей нашай краіны. Аб гэтым на XXV канферэнцыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства "Дынама", прысвечанай 100-гадоваму юбілею таварыства, заявіў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ад усёй душы віншую вас з гэтай цудоўнай датай, - звярнуўся да прысутных Віктар Лукашэнка. - 100 гадоў з'яўляецца вельмі сур'ёзнай датай, і за гэты час ваша таварыства паказала, чаго яно варта, чаго яно можа дабіцца. Вы стаіце на стыку трох асноўных стаўпоў нашай дзяржавы: сілавога блока, прафесійнага спорту і фізкультуры. І ў гэтых трох напрамках вы заўсёды былі наперадзе".
Як адзначыў прэзідэнт НАК, за час існавання незалежнай Беларусі на рахунку БФСТ "Дынама" некалькі дзясяткаў узнагарод Алімпійскіх гульняў. "Вы заўсёды з'яўляліся правадніком здаровага ладу жыцця, маральных каштоўнасцей нашай краіны. На вас заўсёды раўнялася наша грамадства не толькі ў плане спорту, але і ва ўсіх астатніх напрамках. Я думаю, што наперадзе ў нас шмат перспектыў і планаў, таму давайце разам працаваць на карысць нашай Радзімы", - рэзюмаваў прэзідэнт НАК.-0-