
9 чэрвеня, Жлобін /Кар. БЕЛТА/. У Жлобіне стартаваў Кубак Беларусі па самба, які пакажа гатоўнасць да ІІ Гульняў краін СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На дыване Палаца гульнявых відаў спорту Цэнтра алімпійскага рэзерву Жлобіна праходзяць сустрэчы самбістаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі і сталіцы.
Намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Валянціна Няхай цёпла павітала ўдзельнікаў Кубка. "Наша зямля славіцца сваімі спартыўнымі традыцыямі. Яшчэ нядаўна мы сустракалі культурна-спартыўны фестываль "Вытокі", а хутка нас чакае яркае спартыўнае свята ІІ Гульні краін СНД. І менавіта гэта зала будзе прымаць самых лепшых спартсменаў-самбістаў. Так, у Жлобіне гэты від спорту пакуль не культывуецца, але ёсць свае барцоўскія традыцыі, грэка-рымская барацьба. Не выключаем, што пасля такога ўзроўню спаборніцтваў нашы хлопчыкі пачнуць займацца самба. І ўжо жлабінчане будуць заваёўваць узнагароды самага высокага ўзроўню", - павіншавала яна ўсіх з сапраўдным святам спорту, пажадаўшы высокіх дасягненняў.


Старшыня Беларускай федэрацыі самба Аляксандр Кобрусеў выказаў упэўненасць, што на Кубку будзе прыгожая і сумленная барацьба. Ён пажадаў спартсменам яркіх перамог.

Адной з першых ярка заявіла пра сябе Вікторыя Мажуха з Новай Гуты (Гомельская вобласць). Самба дзяўчына займаецца восьмы год і сёння ўдастоена звання майстра спорту. Праз некалькі мінут - перамога ў першай сустрэчы на дыване Кубка.



У гэты від спорту Вікторыя прыйшла ўслед за старэйшымі братамі. "Яны займаліся ледзь не з самага нараджэння. Гледзячы на іх, і мне захацелася. Паспрабавала, спадабалася. Так пачала бароцца. У мінулым годзе закончыла бароцца ў маладзёжцы. Прадстаўляла вобласць і краіну на маладзёжных пяршынствах Еўропы і свету. З гэтага года баруся па-даросламу", - з усмешкай адзначыла яна.
"Якія надзеі на гэты Кубак?" - цікавімся. Адказ імгненны: "Першае і толькі першае месца".
Самбістка не дзеліць сапернікаў на моцных і слабых. "Усе дзяўчаты па-свойму добрыя. Вядома, трэба настройвацца на кожную сустрэчу. Нельга сказаць, што хтосьці слабейшы, важны эмацыянальны і псіхалагічны настрой. А самба выпрацоўвае характар, стойкасць, заўсёды задае імкненне і мэты", - прыадкрыла свае спартыўныя сакрэты Вікторыя Мажуха.
Паралельна спартыўным сустрэчам камісія ацэньвае гатоўнасць пляцоўкі да правядзення ІІ Гульняў краін СНД.-0-
Фота Сяргея Халадзіліна