
27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Гомелі вызначыліся пераможцы і прызёры адкрытага Кубка Беларусі па сучасным пяцібор'і, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
На першым унутраным старце сезона былі разыграны два асабістыя камплекты ўзнагарод. У жаночым турніры перамогу атрымала Ірына Прасянцова, якая набрала 1442 балы. Сярэбраны медаль заваявала Марыя Гнедчык (1434), шматразовая чэмпіёнка свету Настасся Пракапенка размясцілася на трэцяй пазіцыі (1410).
Пераможцам мужчынскіх спаборніцтваў стаў Іван Хамцоў, які ў падагульняючым пратаколе ўсяго на дзевяць ачкоў апярэдзіў Арцёма Еўсцігнеева, які стаў другім (1539 супраць 1530). На трэцюю прыступку п'едэстала з мінімальным адставаннем падняўся Уладзіслаў Жартун (1525 балаў).-0-