
26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі сёння адбудуцца два паядынкі 10-га тура, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У першым з іх футбалісты "Гомеля" прымуць на сваёй арэне гасцей са "Смаргоні". У папярэднім туры гамяльчане на выездзе згулялі ўнічыю з брэсцкім "Дынама" (3:3), а смаргонская каманда прайграла ў сябе дома салігорскаму "Шахцёру" (1:3). У другой сённяшняй сустрэчы "Шахцёр" у Салігорску згуляе з бабруйскай "Белшынай", якая ў мінулы ўік-энд уступіла на сваім полі гродзенскаму "Нёману" (0:2).
Учора свае матчы правялі фіналісты Кубка Беларусі: барысаўскі БАТЭ ў сябе дома згуляў унічыю з мазырскай "Славіяй" - 1:1, а ў Жодзіне футбалісты "Тарпеда-БелАЗа" разышліся мірам з "Нёманам" - 0:0.
Заключныя матчы 10-га тура пройдуць заўтра. Лідар першынства сталічнае "Дынама" сустрэнецца з "Мінскам", у Наваполацку мясцовы "Нафтан" будзе сапернічаць з "Іслаччу" з Мінскага раёна, а мінскі "Энергетык-БДУ" згуляе з брэсцкім "Дынама". Футбалісты "Слуцка" прапускаюць гэты тур.
Становішча ў групе лідараў: "Дынама" (Мінск) - 24 ачкі (9 матчаў), "Тарпеда-БелАЗ" - 21 (9), "Нёман" - 20 (9), БАТЭ - 16 (10). Унізе турнірнай табліцы "Шахцёр", "Белшына" і "Энергетык-БДУ". Бамбардзірскую гонку ўзначальвае мінскі дынамавец Уладзіслаў Марозаў, які забіў 8 мячоў.-0-