
7 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Спаборніцкі рынг для юных баксёраў на II Гульнях краін СНД даставілі ў Оршу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Сняжана Брузгіна.
"Завезены рынгі, працуе кампанія, якая будзе адказваць за тэхнічнае аснашчэнне мерапрыемства. Раней былі дастаўлены ў Оршу чатыры трэніровачныя рынгі, два з іх будуць знаходзіцца ў месцах пражывання: на ТАК "Орша" і ў інтэрнаце педкаледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Таксама два трэніровачныя рынгі размесцяцца ў спартыўным комплексе "Алімпіец", дзе арганізавана разміначна-трэніровачная зона. Гэтыя рынгі сабраны для тэставых спаборніцтваў, дзе і будуць апрабаваны. Сам спаборніцкі рынг прывезлі", - адзначыла кіраўнік аддзела.
Паводле яе слоў, падрыхтавана ўжо тэхнічнае заданне па брэндзіраванні разміначных, месцаў правядзення і размяшчэння ўдзельнікаў II Гульняў краін СНД. Дакумент узгоднены з упраўленнем спорту і турызму рэгіёна і цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў профільным міністэрстве. Лагатыпы Гульняў размесцяць на ўездах у горад і аб'ектах правядзення. Дарэчы, іх праверылі ўжо службы УУС і МНС, актыўна да правядзення маштабных стартаў рыхтуюцца і медыцынскія службы.
"З 5 па 9 чэрвеня праводзяцца тэставыя выпрабаванні (спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Беларусі па боксу для спартсменаў 2008-2009 гадоў нараджэння. - Заўвага БЕЛТА). Яны дапамогуць выявіць недахопы, над якімі мы будзем у бліжэйшы час працаваць, - растлумачыла Сняжана Брузгіна. - На спартакіядзе задзейнічаны і валанцёры. Тэсціруем усе службы і аб'екты харчавання, пражывання, правядзення спаборніцтваў. Прыбыла судзейская калегія спартакіяды, частка якой увойдзе ў склад судзейскай калегіі на Гульнях".
Орша прыме спаборніцтвы па боксу на II Гульнях краін СНД з 4 па 13 жніўня. Паядынкі запланаваны на 6-12 жніўня. За золата, серабро і бронзу будуць спаборнічаць юныя спартсмены 2005-2006 гадоў нараджэння.-0-