Сцяг Чацвер, 30 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 лютага 2024, 14:17

На Усерасійскай спартакіядзе мацнейшых выступяць 39 беларускіх спартсменаў 

Фота з архіва
Фота з архіва
7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядомы склад беларускай дэлегацыі на Усерасійскую спартакіяду мацнейшых спартсменаў па зімовых відах спорту 2024 года, паведамляе БЕЛТА.

Удзел у спаборніцтвах прымуць 39 атлетаў з Беларусі (19 мужчын і 20 жанчын), якія пазмагаюцца за прызы ў сямі відах спорту - біятлоне, лыжных гонках, фігурным катанні, лыжнай акрабатыцы, шорт-трэку, а таксама ў гарналыжным і канькабежным спорце. Акрамя таго, у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі 28 трэнераў і спецыялістаў.

Найбольшае прадстаўніцтва ў каманды па біятлоне - дзесяць чалавек (5+5). У страі ўсе мацнейшыя: прызёр Алімпіяды Антон Смольскі, алімпійскія чэмпіёнкі ў эстафеце Дзінара Смольская і Ірына Лешчанка, медалістка чэмпіянату свету Ганна Сола, пераможцы этапаў Кубка Расіі і Кубка Садружнасці Іван Тулацін і Дзмітрый Лазоўскі, а таксама Павел Бялько, Максім Варабей, Дар’я Кудаева і Алена Кулак. Спаборніцтвы па біятлоне пройдуць з 10 па 18 лютага ў Златавусце.

Дзевяць беларусаў выступяць у турніры па канькабежным спорце, які з 14 па 17 лютага прыме Чэлябінск. Нашу каманду прадставяць прызёры кантынентальных пяршынстваў Марына Зуева, Ганна Дамарацкая і Кацярына Слоева, чэмпіён свету сярод юніёраў Ігнат Галавацюк, а таксама Уладзіслаў Гапон, Ягор Дамарацкі, Уладзіслаў Запойкін, Віктар Рудэнка і Арцём Чабан.

Узнагароды ў шорт-трэку будуць разыграны там жа з 9 па 11 лютага, з нашых спартсменаў тут заяўлены Яна Дамброўская і Мікіта Мігдалёў.

Фігурысты будуць спаборнічаць у Магнітагорску з 14 па 18 лютага, у мужчынскім адзіночным катанні выступіць Аляксандр Лебедзеў, у якасці рэзервіста на турнір адправіўся Мікалай Казлоў. У танцах на лёдзе свае праграмы прапануе пара Святаслаў Верстакоў - Наталля Пажывілка.

У спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы, якія адбудуцца ў Краснаярску з 13 па 15 лютага, прымуць удзел сямёра прадстаўнікоў Беларусі. Гэта Ігар Драбянкоў, Сцяпан Зелянко, Макар Мітрафанаў, Настасся Андрыянава, Ганна Дзяруга, Любоў Піліпенка і алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова. На заезды ў горных лыжах у Кусе (12-15 лютага) дэлегавана адна наша спартсменка - пераможца этапаў Кубка Расіі Марыя Шканава.

Жаночая каманда Беларусі па лыжных гонках будзе прадстаўлена пяццю дзяўчатамі: у склад увайшлі Ганна Каралёва, Ганна Мачэхіна, Аліна Буйніцкая, Лізавета Пінчук і Ульяна Хоміч. У мужчынскіх спаборніцтвах прыме ўдзел Аляксей Губенка. Сапернічаць з лепшымі лыжнікамі з Расіі нашы спартсмены будуць у Цюмені з 9 па 15 лютага.

Цырымонія адкрыцця Усерасійскай спартакіяды мацнейшых адбудзецца 9 лютага ў Чэлябінску. Усяго на форуме ў 14 алімпійскіх зімовых відах спорту выступяць каля 2500 атлетаў, якія разыграюць 107 камплектаў медалёў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі