Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 снежня 2022, 14:41

Кавальчук: узнагароджанне спартсменаў і трэнераў будзе залежаць ад іх вынікаў на спаборніцтвах

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узнагароджанне спартсменаў і трэнераў будзе залежаць ад вынікаў, якія яны пакажуць у час спаборніцтваў. Падрыхтаваны праект адпаведнага ўказа Прэзідэнта. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук пасля даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр лічыць безумоўна справядлівай крытыку з боку Прэзідэнта за адсутнасць выніку ў некаторых відах спорту. Напрыклад, прасяданне назіраецца ў футболе, дзе ў канцы сезона не паказалі вынікаў ні зборная, ні клубы. Але ёсць і такія віды спорту, дзе Беларусь прадстаўлена дастойна. "Задача ў тым, каб у гэты санкцыйны перыяд не праселі вынікі, каб у спартсменаў была спаборніцкая практыка, каб гэтыя спаборніцтвы былі канкурэнтаздольныя, каб у іх удзельнічалі як мага больш нашых спартсменаў, каб мы ўбачылі рэзерв, каб была выбудавана сістэма, расла кваліфікацыя трэнераў", - сказаў Сяргей Кавальчук. Усе гэтыя тэмы, паводле яго слоў, узнімаліся на дакладзе ў Прэзідэнта: "Кіраўніком дзяржавы былі дадзены ўказанні па развіцці тых ці іншых напрамкаў. У першую чаргу па сумесных дзеяннях са спартсменамі Расійскай Федэрацыі ў перыяд санкцый, у перыяд падрыхтоўкі да правядзення спартыўных мерапрыемстваў, па загрузцы спартыўных аб'ектаў, па правядзенні на высокім арганізацыйным узроўні розных спаборніцтваў, у тым ліку другіх Гульняў краін СНД, якія будуць праходзіць у наступным годзе ў нашай краіне, па падрыхтоўцы трэнерскіх кадраў і іншых пытаннях".

Абмяркоўваўся таксама праект указа "Аб мерах па стымуляванні дасягнення высокіх спартыўных вынікаў". Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў: "Калі вы гаворыце аб тым, што трэба спартсменаў падтрымліваць, я згодны. Але толькі тых, хто паказвае сусветнага ўзроўню вынікі. Што за праблема - параўнаць бег на стаметроўцы з лепшым вынікам на чарговым чэмпіянаце свету, дапусцім, і тым, што ты паказваеш? Гэта павінна быць крытэрыем. Высокі сусветны ўзровень, высокі вынік на ўзроўні першага, другога, трэцяга месца - адпаведныя льготы, датацыі і іншае".

Міністр, адказваючы на пытанні журналістаў, запэўніў, што такі дыферэнцыраваны падыход па ўзнагароджанні спартсменаў і трэнераў будзе выконвацца і закладзены ў праекце ўказа. Больш таго, прадугледжана прыняцце такіх рашэнняў на ўзроўні камісіі, "каб і трэнеры, якія праводзяць вялікую работу, і спартсмены, ніхто не аказаўся пакрыўджаным і каб усе дастойна атрымлівалі ўзнагароджанне ў адпаведнасці з тымі вынікамі, якія паказваюць".

"Нам, хто адказвае за спорт (віцэ-прэм'еру, які курыруе спорт, прэзідэнту НАК, міністру спорту і турызму), было сказана, каб мы пільна глядзелі за вынікамі выступлення спартсменаў на спаборніцтвах", - заўважыў Сяргей Кавальчук.

"Напрыклад, Настасся Маслава ў гэтым сезоне кінула молат на 74 м. Гэта ўзровень чэмпіёна Еўропы. Значыць, адпаведнае ўзнагароджанне павінна атрымаць па ўзроўні ЧЕ", - сказаў міністр. Ён таксама прывёў прыклад выступлення Таццяны Халадовіч, якая кінула кап'ё на 66 м, і гэта ўзровень ЧЕ, сярэбранага прызёра ЧС.

Што датычыцца канкрэтных відаў спорту, федэрацый, дзе не наладжана дастойным чынам работа, не спраўляюцца і няма выніку, то міністр упэўнены: там трэба падштурхоўваць, у тым ліку прымаючы кадравыя рашэнні. "Тыя людзі, якія не спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, будуць шукаць працу ў іншым месцы, будуць займацца іншымі відамі дзейнасці", - падкрэсліў ён.

Сяргей Кавальчук упэўнены, што нават у цяперашніх умовах, калі ёсць абмежаванні па допуску беларускіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы па некаторых відах спорту, ім хапае спаборніцкай практыкі. "У многіх відах спорту канкурэнцыя са спартсменамі Расійскай Федэрацыі значна вышэйшая, чым канкурэнцыя на еўрапейскай арэне", - сказаў ён.

"Наша задача - трэніравацца і быць гатовымі ў любы момант на любых спаборніцтвах дастойна прадстаўляць нашу краіну, высока ўзнімаючы сцяг нашай Радзімы", - падкрэсліў кіраўнік Мінспорту і турызму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі