
15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейнае мінскае "Дынама" 15 лютага правядзе чарговы выязны паядынак у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Апошнім сапернікам "зуброў" у гасцявым турнэ стане "Барыс" з Астаны, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Абодва калектывы прадаўжаюць змагацца за пуцёўкі ў плэй-оф ад сваіх канферэнцый. За чатыры матчы да канца рэгулярнага чэмпіянату "Дынама" размяшчаецца на 8-м месцы Захаду, апярэджваючы "Спартак", які ідзе 9-м, на тры ачкі. Бягучая выязная серыя складваецца для мінчан няўдачна: наша каманда прайграла тры папярэднія матчы.
Казахстанскі клуб знаходзіцца ў куды больш складаным становішчы: "Барыс" ідзе на Усходзе апошнім, адстаючы ад зоны плэй-оф на 8 балаў. Для выхаду ў накаўт-раўнд камандзе з Астаны неабходна выйграваць усе матчы, якія засталіся да канца чэмпіянату, і чакаць асечак з боку канкурэнтаў. Зрабіць гэта з цяперашняй формай "Барысу" будзе вельмі праблематычна: падапечныя Скабелкі пацярпелі шэсць паражэнняў у васьмі апошніх гульнях.
У бягучым рэгулярным чэмпіянаце "Дынама" і "Барыс" сустракаліся толькі аднойчы - 3 верасня, для абедзвюх каманд гэта быў першы матч сезона. Тады асноўны час паядынку на "Мінск-Арэне" завяршыўся з лікам 3:3, а ў серыі булітаў больш дакладнымі былі "зубры". Другое процістаянне беларускага і казахстанскага клубаў стартуе на "Барыс Арэне" ў 16.30.-0-