Сцяг Субота, 2 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 лютага 2023, 16:27

Футбалісты "Шахцёра" згуляюць з "Нафтанам" на старце 33-га чэмпіянату Беларусі

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мірскім замку адбылася жараб'ёўка матчаў 33-га чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Чэмпіёны краіны трох апошніх гадоў футбалісты салігорскага "Шахцёра" стартуюць дамашнім матчам з наваполацкім "Нафтанам", які вярнуўся ў элітны дывізіён.

Сярэбраны прызёр мінулага першынства сталічны "Энергетык-БДУ" прыме на сваім полі "Слуцк". Уладальнік бронзавых узнагарод барысаўскі БАТЭ згуляе на выездзе з уладальнікамі Кубка Беларусі футбалістамі "Гомеля".

Яшчэ адзін прэтэндэнт на медалі новага першынства мінскае "Дынама" сустрэнецца дома з "Іслаччу" з Мінскага раёна. Брэсцкае "Дынама" згуляе з жодзінскім "Тарпеда-БелАЗам", ФК "Мінск" прыме мазырскую "Славію", футбалісты "Смаргоні" згуляюць з бабруйскай "Белшынай". Гродзенскі "Нёман" першы тур прапускае.

Матчы стартавага тура пройдуць 17-19 сакавіка, заключныя сустрэчы намечана правесці 3 снежня.

Афіцыйна новы футбольны сезон у Беларусі адкрыецца ў суботу, 25 лютага, гульнёй за Суперкубак, у якім чэмпіён краіны "Шахцёр" згуляе з уладальнікам Кубка "Гомелем".

Вырашальны паядынак розыгрышу Кубка Беларусі 2022/2023 адбудзецца 28 мая на полі мінскага стадыёна "Дынама".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі