
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Аргенціне вызначыліся ўдзельнікі медальных паядынкаў маладзёжнага чэмпіянату свету (U-20), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У першым паўфінальным матчы каманда Уругвая з цяжкасцю перамагла ізраільцян - 1:0. Адзіны гол забіў Андэрсан Дуартэ, які вызначыўся на заканчэнні гадзіны гульнявога часу. У фінале сапернікам уругвайскай каманды будзе італьянская "маладзёжка", якая перайграла зборную Рэспублікі Карэя з лікам 2:1. Адзін з мячоў забіў Чэзарэ Казадэі, які з сямю галамі ўзначальвае спіс лепшых бамбардзіраў бягучага турніру. У мінулыя гады ўругвайцы двойчы станавіліся сярэбранымі прызёрамі і адзін раз бралі бронзу, у актыве італьянцаў адзін бронзавы медаль.
Вырашальны паядынак 23-га маладзёжнага планетарнага форуму паміж зборнымі Італіі і Уругвая адбудзецца 11 чэрвеня ў горадзе Ла-Плата. Там жа няўдачнікі паўфінальных баталій вызначаць уладальніка бронзавых узнагарод. Пераможцамі папярэдняга сусветнага маладзёжнага першынства, якое праходзіла ў 2019 годзе ў Польшчы, сталі ўкраінскія футбалісты, яны абыгралі ў фінале каманду Рэспублікі Карэя. Больш за ўсіх пераможцамі маладзёжных ЧС станавіліся аргенцінцы, у якіх 6 тытулаў, на адно золата менш у бразільцаў.-0-