
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У казахстанскім Шымкенце стартавалі міжнародныя спаборніцтвы па кулявой стральбе-гран-пры "Алтын Мерген", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У міжнародным турніры прымаюць удзел 196 стралкоў з пяці краін: Беларусі, Казахстана, Расіі, Кыргызстана і Таджыкістана. Нашу краіну на спаборніцтвах прадстаўляюць 23 спартсмены. У праграму гран-пры "Алтын Мерген" увайшлі 15 асабістых практыкаванняў і 3 спаборніцтвы для змешаных пар. Беларускія стралкі прадстаўлены ва ўсіх алімпійскіх практыкаваннях.
У сераду жанчыны вызначылі мацнейшых у стральбе з малакалібернай вінтоўкі, а мужчыны разыгралі медалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У абодвух фіналах усе тры месцы на п'едэстале занялі беларусы. У асабістым турніры сярод дзяўчат лепшай стала Уладзіслава Пранько, серабро заваявала Лізавета Цыдзік, бронза - у Таісіі Палюшык. У мужчынскіх спаборніцтвах золата выйграў Уладзімір Чарноў, другі і трэці вынікі паказалі Ілья Чаргейка і Ян Чыгілейчык адпаведна.-0-