
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія каманды лідзіруюць перад стартам пятага этапу Лігі дружбы па баскетболе 3х3, які адбудзецца ў расійскім Дзеснагорску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На першай пазіцыі ў турнірнай табліцы нацыянальная зборная Беларусі, у якой пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Калтунова выступаюць Сяргей Вабішчэвіч, Кірыл Васкаўцоў, Ян Марынін і Ілья Мілашэўскі. У бягучым сезоне беларуская дружына была пераможцам другога і трэцяга этапаў. На другім месцы ў агульным заліку баскетбалісты "Астраўца", якія па ходзе турніру тройчы станавіліся бронзавымі прызёрамі. Да бліжэйшых гульняў рыхтуюцца Аляксандр Кудраўцаў, Кірыл Валодзькін, Раман Верабей і Аляксей Балдзін.
Пасля чатырох этапаў у актыве зборнай Беларусі 290 ачкоў, у "Астраўца" 228 заліковых балаў, трэцім ідзе расійскі "Байкал", які набраў 225 ачкоў.
У суботу, 18 лютага, у Дзеснагорску сапернікамі зборнай Беларусі будуць "Расатамтэх" і Bad Boys, "Астравец" сустрэнецца з Guns N Balls і "Самарай". Заключны этап спаборніцтваў Лігі дружбы адбудзецца 4 сакавіка.-0-