
5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юныя беларускія баскетбалісты сталі прызёрамі 25-га міжнароднага турніру памяці Уладзіміра Рыжанкова, які праходзіў у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У мужчынскіх спаборніцтвах юнацкая зборная Беларусі (U-16) пад кіраўніцтвам Артура Арлаўца заваявала сярэбраныя медалі, уступіўшы толькі равеснікам са зборнай Расіі. Бронза дасталася выхаванцам краснадарскага клуба "Лакаматыў-Кубань".
У спаборніцтвах дзяўчат беларуская зборная, якую трэніруе Алена Іваноўская, стала бронзавым прызёрам. Першае месца ў дзяўчат з маскоўскага клуба "Руна", серабро заваявала расійская зборная.
Па выніках турніру ўсе каманды атрымалі кубкі, медалі і спецыяльныя навагоднія падарункі ад Беларускай федэрацыі баскетбола. Лепшымі ігракамі прызнаны Ягор Амосаў (зборная Расіі) і Кацярына Ляшэнка ("Руна"). Яны таксама, як і лепшыя баскетбалісты ў гульнявых амплуа, узнагароджаны памятнымі прызамі ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, вырабленымі па спецыяльным заказе на шклозаводзе "Нёман".
Турнір памяці першага міністра спорту і турызму і першага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Уладзіміра Рыжанкова заснаваны ў 1996 годзе. За свае заслугі Уладзімір Мікалаевіч быў удастоены званняў "Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту", "Заслужаны трэнер БССР", узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР, прызом і памятным медалём Міжнароднага алімпійскага камітэта.-0-