
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Палацы водных відаў спорту ў Казані прадаўжаецца чэмпіянат Расіі па плаванні з удзелам беларускіх спартсменаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У трэці дзень спаборніцтваў былі разыграны пяць камплектаў узнагарод, беларускае прадстаўніцтва назіралася толькі ў адным вырашальным заплыве. Тым не менш адзіны фінал для нашай зборнай аказаўся "залатым" - перамогу на дыстанцыі 200 м на спіне атрымала Настасся Шкурдай. Гэты медаль стаў для каманды Беларусі ўжо чацвёртым на чэмпіянаце Расіі: напярэдадні золата на стамятроўцы брасам выйграў Ілья Шымановіч, Аліна Змушко фінішавала другой на дыстанцыі 50 м брасам, таксама серабро заваяваў наш квартэт у камбінаванай змешанай эстафеце 4х100 м.
Акрамя таго, у вячэрняй праграме аўторка беларускія плыўцы выступілі ў паўфінальных заплывах на трох дыстанцыях. Настасся Куляшова з трэцім часам прабілася ў фінал серады на 50 м батэрфляем, а Аліна Змушко з другім рэзультатам выйшла ў вырашальны заплыў на 100 м брасам. Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі - Віктар Стасяловіч - заняў 13-е месца на дыстанцыі 50 м на спіне і застаўся па-за фіналам.
У ранішняй праграме серады Настасся Шкурдай выступае ў папярэднім заплыве на стамятроўцы на спіне, таксама за выхад у паўфінал на дыстанцыі 50 м батэрфляем будуць спаборнічаць прадстаўнікі Беларусі Рыгор Пякарскі і Іван Шамшурын. Увечары 19 красавіка на чэмпіянаце Расіі па плаванні ў Казані спартсмены вызначаць мацнейшых у шасці асабістых дысцыплінах і дзвюх эстафетах.-0-