
24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правілы забеспячэння даступнасці для інвалідаў аб'ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, транспартных сродкаў і аказваемых паслуг, ацэнкі ўзроўню іх даступнасці зацверджаны пастановай Савета Міністраў нумар 796 ад 21 лістапада 2022 года. Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Як растлумачылі ў прэс-службе Мінпрацы і сацабароны, прадугледжана, што забяспечваць даступнасць аб'ектаў для інвалідаў павінны іх уласнікі. Пры гэтым важна ўзаемадзеянне ўласнікаў аб'ектаў з грамадскімі аб'яднаннямі інвалідаў, а таксама мясцовымі органамі ўлады.
Дзяржорганы і арганізацыі, якія аказваюць паслугі насельніцтву, з улікам спецыфікі сферы дзейнасці забяспечваюць магчымасць атрымання паслугі па месцы пражывання інваліда або дыстанцыйна. Важны і папярэдні запіс для атрымання паслугі, у тым ліку праз інтэрнэт.
Акрамя таго, уводзіцца патрабаванне наяўнасці даступных для інвалідаў афіцыйных сайтаў у інтэрнэце, а таксама тэхнічных сродкаў для сувязі са службамі інфармацыі і экстраннай дапамогі для інвалідаў па слыху.
Правіламі вызначаны канкрэтныя элементы даступнага асяроддзя, якія павінны быць у наяўнасці на тэрыторыі, дзе размяшчаецца аб'ект, на ўваходзе, у вестыбюлі, у калідорах, ліфтах, санітарна-гігіенічных памяшканнях.
Прадугледжаны патрабаванні па добраўпарадкаванні даступнага асяроддзя ў месцах размяшчэння банкаматаў, інфармацыйна-даведачных і банкаўскіх плацежных тэрміналаў самаабслугоўвання, фізкультурна-спартыўных збудаваннях, музеях, бібліятэках, на прыпыначных пунктах, пасадачных пляцоўках транспарту, а таксама патрабаванні да элементаў вулічна-дарожнай сеткі і транспартных сродкаў.-0-