Сцяг Панядзелак, 24 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 сакавіка 2023, 15:26

Выстаўкі-продажы дзіцяча-юнацкай літаратуры стартуюць у рэгіёнах 22 сакавіка

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрыццё выставак-продажаў дзіцяча-юнацкай літаратуры ў рэгіёнах, экспазіцыі "Паліцы інтэлектуальных кніг" і папаўненне праекта "Чытанка" - гэтыя і іншыя праекты ўключаны ў праграму юбілейнай XXХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Ігара Бузоўскага, у гэтым годзе Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш выйдзе за межы выставачнага цэнтра і нават Мінска. "22 сакавіка будуць адкрыты выстаўкі-продажы ў сталіцах Дня беларускага пісьменства. Гэта розныя гарады па ўсёй Беларусі", - сказаў ён.

У ходзе міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час" будзе прадстаўлена экспазіцыя "Паліцы інтэлектуальных кніг", якая ў далейшым будзе працаваць у цэнтральных кніжных магазінах сеткі ААТ "Белкніга".

Як паведаміў намеснік міністра інфармацыі, для рэалізацыі праекта падабраны многія значныя кнігі. "Падабраны кнігі, якія мы хацелі б прадставіць у першую чаргу: і беларускіх, і замежных аўтараў, - сказаў Ігар Бузоўскі. - Літаратура цяпер вельмі разнапланавая, але хочацца абазначыць пасыл, які мы трансліруем: для нас важна не проста чытанне кніг як такое, не проста колькасць чытачоў, а важна тое, што чытае аўдыторыя".

Паводле яго слоў, цэнтральнай лініяй усёй выстаўкі будзе з'яўляцца некамерцыйны складнік літаратуры. "Камерцыйная кніга добра чытаецца, але важна тая літаратура, якая працуе на фарміраванне асобы і грамадства", - заўважыў намеснік міністра.

У гонар адкрыцця выстаўкі на дадатак інтэрактыўнага праекта "Чытанка" будзе загружана некалькі дзясяткаў новых кніг. "Праект "Чытанка" стартаваў у мінулым годзе і цяпер нарошчвае абароты. У дадатку можна слухаць кнігі беларускіх аўтараў і не толькі. Мэта праекта - папулярызацыя беларускай літаратуры і далучэнне да чытання моладзі", - сказаў Ігар Бузоўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі