
23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастановай Міністэрства інфармацыі ад 14 сакавіка 2023 года нумар 1 зацверджана палажэнне, якім вызначаны ўмовы і парадак правядзення конкурсу выдавецкіх праектаў для ўключэння ў план выпуску сацыяльна значных выданняў. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Правядзенне конкурсу, арганізатарам якога выступае Мінінфарм, накіравана на развіццё і падтрымку нацыянальнага кнігавыдання, захаванне і развіццё культуры чытання, адбор выдавецкіх праектаў для ўключэння ў план выпуску сацыяльна значных выданняў, павышэнне ідэйна-змястоўнага і мастацкага ўзроўню сацыяльна значных выданняў, укараненне перадавых тэхналогій выдавецкай справы, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў.
Прыняць удзел у конкурсе могуць юрыдычныя асобы - рэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць.
Выдавецкія праекты ацэньваюцца экспертным саветам па дзесяцібальнай сістэме ў тым ліку па мастацкай і сацыяльнай значнасці праекта, стварэнні прывабнага іміджу Рэспублікі Беларусь, змястоўным аспекце выдання, выкарыстанні новых арыгінальных творчых ідэй і задум, арыгінальнасці дызайнерскага рашэння і адпаведнасці мастацкага афармлення зместу, чытацкаму адрасу і мэтаваму прызначэнню праекта.
Праект пераможцы конкурсу ўключаецца ў план выпуску сацыяльна значных выданняў.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-