
1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны аэрапорт Мінск вядзе перагаворы з авіяперавозчыкамі наконт новых напрамкаў палётаў. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар аэрапорта Вячаслаў Харанека, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе паветранай гавані.
"Цяпер вядуцца перспектыўныя перагаворы з іранскім перавозчыкам Mahan Air, які базіруецца ў аэрапорце Тэгерана. Літаральна сёння на базе мінскага аэрапорта адбылася дзелавая сустрэча з афіцыйнай дэлегацыяй з Ірана. Вынікамі гэтых перагавораў мы падзелімся пазней", - расказаў Вячаслаў Харанека.
Паводле яго слоў, праявіла цікавасць да арганізацыі чартарных рэйсаў авіякампанія з В'етнама. "Лепшы час для паездкі туды - гэта вясна (з лютага па красавік) і восень (жнівень-кастрычнік). На гэты час вядзём дыялог па арганізацыі такіх рэйсаў з авіякампаніяй і іншымі зацікаўленымі бакамі", - адзначыў гендырэктар.
Зімой плённа прайшлі перагаворы з венесуэльскімі партнёрамі. "Цяпер мы праводзім сумесную работу з імі па адкрыцці грузавых і пасажырскіх рэйсаў. У іх ёсць авіякампаніі, якія маюць далёкамагістральныя паветраныя судны. Прычым прапрацоўваецца варыянт выканання пасажырскага рэйса з Мінска ў Венесуэлу з прамежкавай пасадкай на Кубе. Такі рэйс мог бы павялічыць турыстычны патэнцыял, звязаўшы Беларусь з краінамі Лацінскай Амерыкі", - звярнуў увагу Вячаслаў Харанека.
Акрамя таго, з 1 ліпеня авіякампанія Air China аднаўляе рэгулярныя рэйсы з Кітая ў Мінск і назад. Пакуль гэтыя рэйсы будуць выконвацца раз на тыдзень па пятніцах.
У чэрвені расійскі лаўкостар "Перамога" запусціў рэйсы ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. "Спадзяёмся, у бліжэйшай перспектыве авіякампанія павялічыць частату выканання палётаў у Санкт-Пецярбург, а магчыма, і пашырыць геаграфію палётаў праз мінскі аэрапорт", - дадаў гендырэктар.-0-