
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валанцёры руху "Добрае сэрца" акажуць дапамогу пажылым людзям у дастаўцы набытай прадукцыі ў час работы сельскагаспадарчых кірмашоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова.
"Мерапрыемствы рэспубліканскай круглагадовай дабрачыннай акцыі БРСМ "Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям" - дапамогу ў дастаўцы сельгаспрадукцыі ў асенні перыяд ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам I і II групы, адзінока пражываючым пажылым людзям - праходзяць у Мінску і рэгіёнах Беларусі па выхадных днях у час работы сельскагаспадарчых кірмашоў", - расказала Аляксандра Ганчарова.
Толькі ў Мінску на мінулым тыдні на такіх кірмашах працавала 120 валанцёраў. У сталіцы ўжо сфарміравана каманда дабравольцаў на бліжэйшыя выхадныя. Моладзь будзе працаваць на дзевяці раённых і гарадской пляцоўцы, якая разгорнецца каля "Чыжоўка-Арэны".
Пажылыя людзі могуць звярнуцца да валанцёраў БРСМ за дапамогай ва ўсіх рэгіёнах краіны. "Напрыклад, "Добрыя сэрцы" БелДУТ будуць працаваць на сельскагаспадарчым кірмашы ў Гомелі, Віцебскай гарадской арганізацыі БРСМ - у Першамайскім і Чыгуначным раёнах Віцебска, Мастоўскай раённай арганізацыі - на тэрыторыі рынку Масты, Чавускай - на Гарадской плошчы раённага цэнтра, Маладзечанскай - на плошчы Старое месца ў Маладзечне", - сказала Аляксандра Ганчарова.
Добраахвотныя памочнікі БРСМ Брэсцкай вобласці далучацца да асенніх дабрачынных мерапрыемстваў 1 кастрычніка.-0-