Сцяг Чацвер, 13 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 мая 2024, 11:37

"У вёсцы жывуць добрыя і душэўныя людзі". Вясковец расказвае, чаму ніколі не пераедзе ў горад

16 мая, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. Жыццё ў вёсцы навучыла Аляксандра Кохана разумець зямлю, якая корміць, а яшчэ - радавацца нават самым простым рэчам і знаходзіць прыгожае ў дробязях. Наш герой пайшоў па слядах бацькі, адвучыўшыся на трактарыста. Праўда, доўга круціць руль не давялося. Воляю лёсу ён апынуўся ў кампаніі, якая вырабляе пажыўныя грунты і мінеральныя ўгнаенні. Спачатку быў простым рабочым, а сёння - аператар фасовачна-паточнай лініі і брыгадзір.

Асноўны абавязак Аляксандра - фасоўка прадукцыі і назіранне за работай лініі. За змену даводзіцца ўпакоўваць да 1,5 тыс. мяшкоў з грунтам і ўгнаеннямі. Камусьці гэта работа можа здацца сумнай, але толькі не Аляксандру Кохану, які нават у такім манатонным працэсе знаходзіць сваю прыгажосць.

"У час работы часцей за ўсё слухаем стук апарата. А самі сабе спяваем, хоць слухаць музыку на палавіну гучнасці ніхто не забараняе. Таму часам, пад настрой, уключаем добрыя песні, якія і будаваць, і жыць дапамагаюць, - усміхаецца субяседнік і называе работу сваім другім домам. - Калі табе падабаецца прафесія, ты працуеш на вынік, які з часам убачаць і ацэняць і калегі, і начальства. Яшчэ для мяне вельмі важна, што намаганні прыносяць рэальную карысць справе, якую цэніш".

Паводле слоў Аляксандра Кохана, так бывае толькі ў казцы. У рэальным жыцці, каб вырасціць спелую агародніну на градцы або раскошную кветку на клумбе, трэба прыкласці шмат намаганняў. Спачатку ўдзяліць увагу грунту для расады. І аб гэтым наш герой ведае не па чутках. Па-першае, грунт павінен быць рыхлым і пажыўным, а па-другое - важна памятаць, што кожнай культуры патрэбны свой субстрат, які адпавядае ўсім яе біялагічным асаблівасцям.

З веданнем справы разважае наш герой і пра жыццё ў вёсцы, пералічваючы пры гэтым адны плюсы вясковага побыту. Не так даўно ён набыў падворак у аграгарадку Гайна, што ў Лагойскім раёне. Сваімі рукамі аднавіў дом, дзе жыве разам з сям'ёй.

"Што можа быць лепш, чым жыць далёка ад пылу, мітусні і вечнага шуму за акном? Мне добра тут, на сваёй зямлі, у цішыні, сярод прыроды, калі за акном сад, агарод, а раніцай прачынаешся ад таго, што спяваюць птушкі. Усё гэта дае сілу і напаўняе энергіяй, - усміхаецца ён. - Да таго ж менталітэт нашых вясковых моцна адрозніваецца ад гарадскіх. Тут разбалаванасць і хвальба не ў пашане. Людзі прывыклі радавацца самым простым рэчам: яркаму сонцу і цёпламу ветру. Нам не патрэбны шыкоўныя асабнякі, каб жыць у гармоніі і спакоі. Усе адзін аднаго ведаюць, размаўляюць. У вёсцы жывуць людзі добрыя, душэўныя. І ўсміхаюцца часцей".

Аляксандр Кохан - чарговы герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Разам з жонкай і малодшым сынам яны арганізавалі для нас экскурсію па ўласным участку, падзяліўшыся дачнымі лайфхакамі: ад выбару грунту да пасадкі і догляду агароднінных культур.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

Марына МАНУЙЛІК,
Газета "7 дней"
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі