ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 13 ліпеня 2020
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 мая 2020, 10:34

У Мінску многія хворыя на каранавірус пачынаюць дыхаць самі пасля двух-трох тыдняў на ШВЛ - Дзядзько

Фота з архіва
Фота з архіва

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У маі практычна ва ўсіх стацыянарах Мінска ўжо ёсць шмат пацыентаў, якія былі адлучаны да ШВЛ пасля працяглай штучнай вентыляцыі лёгкіх. Аб гэтым у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў загадчык аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Аляксандр Дзядзько, паведамляе БЕЛТА.

У эфіры паказалі кадры з рэанімацыі НПЦ. Адзін з пацыентаў з COVID-19 тут 39 дзён быў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Цяпер ён дыхае сам. Акрамя таго, у цэнтры зрабілі аперацыю па перасадцы печані мужчыну з каранавірусам.

"У маі пасля працяглай вентыляцыі, якая складала два, тры тыдні, а тое і больш, ва ўсіх практычна стацыянарах горада былі ўжо цэлыя серыі пацыентаў, якія былі адлучаны ад ШВЛ. І мы спадзяёмся, што такая статыстыка будзе складаць каля 70 працэнтаў выздаравеўшых і адлучаных ад ШВЛ", - сказаў Аляксандр Дзядзько. Пры гэтым пасля пачатку пандэміі медыкі атрымлівалі даныя аб тым, што вельмі нізкі працэнт пацыентаў адлучваецца ад вентыляцыі, лятальнасць вельмі высокая.

Аляксандр Дзядзько з'яўляецца кіраўніком Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Нядаўна ён праводзіў вебінар на тэму "Практычныя аспекты аказання анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19".

"Мы ўзялі групу пацыентаў, якія памерлі за гэты перыяд у аддзяленнях рэанімацыі. Туды, зразумела, уваходзілі пацыенты з пацверджанай COVID-інфекцыяй і тыя, у якіх COVID-інфекцыя не была пацверджана. І падлічвалі лятальнасць. Гэта, вядома, прыблізныя паказчыкі былі, але яны паказалі на тое, што нашы даныя прыкладна супастаўныя з тымі данымі, якія ёсць у замежных спецыялістаў", - расказаў медык.

"Там было шмат такіх нюансаў, якія чалавек, які не ведае тонкасцей рэанімацыйнай работы, можа не зусім правільна інтэрпрэтаваць і разабрацца ў тых лічбах і ў тых паказчыках, якія мы прадэманстравалі", - адзначыў Аляксандр Дзядзько. У эфіры тэлеканала падкрэслілі, што на той нарадзе ўрачы зрабілі выснову, што падыходы да лячэння самых цяжкіх пацыентаў беларускімі медыкамі выбраны правільныя.

У НПЦ, дзе працуе Аляксандр Дзядзько, за адзін тыдзень правялі пяць аперацый па трансплантацыі печані і дзевяць - па перасадцы нырак. "COVID-інфекцыя - гэта сёння вялікая праблема, але калі чалавеку трэба выконваць аперацыю трансплантацыі печані і без яе ён у бліжэйшы час памрэ - няма ніякай розніцы ні для яго, ні для яго сям'і, ні для грамадства, ад чаго ён памрэ: ад таго, што яму не выканалі трансплантацыю печані або ў яго развілася COVID-інфекцыя. Таму менавіта для гэтага ў нашай клініцы захоўваюцца ўсе астатнія віды медыцынскай дапамогі", - канстатаваў дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі