
31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх школах 1 чэрвеня вучні 9-х класаў здаюць першы выпускны экзамен. Мінадукацыі дало некалькі парад, як зрабіць гэты працэс больш камфортным і паспяховым, паведамляе БЕЛТА.
"У першую чаргу ў дзень здачы экзамену неабходна паўнацэнна паснедаць. Не варта прымаць заспакаяльныя прэпараты, яны пагоршаць канцэнтрацыю ўвагі. Прыйсці ў школу лепш загадзя. На самім экзамене, атрымаўшы заданні, сканцэнтруйцеся на пытаннях. Калі адчуваеце, што падступае паніка, зрабіце некалькі павольных удыхаў і выдыхаў, скажыце сабе: "Я спакойны, і ў мяне ўсё атрымаецца", - расказалі ў адукацыйным ведамстве.
Зняць востры прыступ панікі можна, паглядзеўшы вакол, пры гэтым трэба агледзець кабінет і звярнуць увагу на дэталі абстаноўкі. Можна ў думках назваць усё, што кінулася ў вочы. Яшчэ адзін лайфхак - уявіць сябе ў люстэрку, паспрабаваць расслабіць мышцы вакол вачэй, вуснаў, мышцы лба, а потым усміхнуцца. "Усмешка заўсёды здымае напружанне. Спачатку выконвайце тыя заданні, якія ведаеце. Потым вяртайцеся да складаных. Не спяшайцеся, перад тым, як здаць работу, яшчэ раз усё праверце, каб не дапусціць недарэчных памылак", - параілі ў Мінадукацыі.-0-