ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 21 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +1°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 студзеня 2020, 11:21

Цэны павінны быць адэкватныя ўзроўню заработнай платы - Орда

У час канферэнцыі
У час канферэнцыі

23 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Цэны павінны быць адэкватныя ўзроўню зарплаты ў краіне. Такое меркаванне выказаў 22 студзеня журналістам на XXIV справаздачна-выбарнай канферэнцыі Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў ФПБ Міхаіл Орда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цэны павінны быць адэкватнымі заработнай плаце ў краіне. Прафсаюзы штомесяц ва ўсіх раёнах і гарадах манітораць каля 280 магазінаў рознай формы ўласнасці - і сеткавыя, і крокавай даступнасці. Калі мы бачым неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на прадукты першай неабходнасці, інфармуем аб гэтым і ўрад, і Міністэрства па антыманапольным рэгуляванні і гандлі, каб былі прыняты адпаведныя меры. У нашым генеральным пагадненні з урадам дакладна абазначана: калі растуць цэны, значыць павінна расці і зарплата. Таму што ад гэтага залежыць узровень жыцця нашых людзей", - падкрэсліў кіраўнік ФПБ.

Абарона сацыяльных гарантый працоўных, пытанні выканання працоўнага заканадаўства, бяспекі ўмоў працы, заработнай платы - у ліку прыярытэтаў прафсаюзаў. "Цяпер актыўна абмяркоўваецца тэма зарплаты бюджэтнікаў, для якіх з 1 студзеня ўведзена новая форма аплаты працы. Самае галоўнае - каб заработная плата не была зніжана. Каб гэта норма выконвалася, рэсурсаў у бюджэце закладзена дастаткова. Сёння ў арганізацыях бюджэтнай сферы ў наймальніка расшыраны магчымасці па размеркаванні даплат і прэмій. Каб гэта не было кулуарна, прафсаюзы павінны прымаць самы актыўны ўдзел у размеркаванні гэтых даплат, каб людзі ў калектывах ведалі, каго і за якія вынікі прэміравалі", - адзначыў Міхаіл Орда.

На кантроль за выплатай заработнай платы ў сувязі са змяненнямі па яе налічэнні звярнуў увагу і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, які прыняў удзел у канферэнцыі. Ён назваў гэта адной з надзённых задач прафсаюзаў. Таксама ён нацэліў прафсаюзных актывістаў удзяляць больш увагі вытворчай дысцыпліне, выкананню патрабаванняў па ахове працы як наймальнікам, так і работнікамі.

"Недастаткова, на мой погляд, абараняюцца правы і інтарэсы работнікаў недзяржаўнага сектара эканомікі, на ўзроўні прыватнага бізнесу. Не важна, якая форма ўласнасці ў прадпрыемства, там працуюць нашы людзі, і яны маюць права разлічваць на абарону сваіх законных правоў. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць праблемным прадпрыемствам, арганізацыям, якія дапускаюць прастоі, скарачэнне працоўных графікаў, затрымкі і скарачэнне зарплаты", - звярнуў увагу губернатар.

Як паведаміў старшыня Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін, за пяць гадоў прававыя службы прафсаюзаў рэгіёна дапамаглі вярнуць работнікам больш за Br1,5 млн, незаконна ўтрыманых або нявыплачаных наймальнікамі.

Па выніках справаздачна-выбарнай канферэнцыі быў выбраны новы старшыня Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Ім стаў Мікалай Шум, які да гэтага часу ўзначальваў Маларыцкі райвыканкам. У рабоце канферэнцыі прыняў удзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч.

У Брэсцкай вобласці налічваецца 3065 пярвічных прафсаюзных арганізацый, у якіх знаходзяцца больш за 450 тыс. чалавек - амаль 95 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва рэгіёна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі