
7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтралізаваныя экзамены выпускнікі школ будуць здаваць з 14 па 21 мая, рэзервовыя дні - з 23 па 25 мая. Аб гэтым журналістам паведаміла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя таго, прадугледжаны яшчэ адзін рэзервовы этап - з 21 па 23 жніўня. "Агульная колькасць выпускнікоў у гэтым годзе складзе 52 904 навучэнцы, яны будуць прымаць удзел ва ўступнай кампаніі", - праінфармавала Ірына Старавойтава.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, як будзе арганізавана працэдура правядзення ЦЭ. "Выпускнікі канкрэтнай школы будуць замацаваны за канкрэтным пунктам здачы цэнтралізаванага экзамену, але знаходзіцца яны будуць у розных аўдыторыях у залежнасці ад таго, якія прадметы выбралі. У адной аўдыторыі, у якой будуць здаваць, напрыклад, фізіку, могуць знаходзіцца юнакі і дзяўчаты і з іншых школ - прадстаўнікі 4-5 розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Правядзенне ў адзін дзень цэнтралізаванага экзамену па розных прадметах на выбар арганізацыйна-тэхнічна нічым не складаней за правядзенне аднаго - здачы аднаго ЦЭ па рускай або беларускай мове", - адзначыў ён.-0-