Сцяг Пятніца, 12 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2024, 16:13

Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі пачне работу 20 лютага

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі пачне работу 20 лютага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Буйнейшыя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі краіны прынялі рашэнне аб’яднаць свае намаганні і сумесна забяспечыць назіранне за ходам галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Для каардынацыі работы наглядальнікаў і аператыўнага інфармавання грамадства аб ходзе галасавання створаны Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, у якім пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання будзе акумулявацца інфармацыя ад наглядальнікаў аб ходзе правядзення выбарчай кампаніі. На сённяшні дзень больш як 37 тыс. чалавек па ўсёй краіне ўжо атрымалі акрэдытацыю і гатовы да выканання сваіх абавязкаў у якасці нацыянальных наглядальнікаў.

"Выбудавана дакладная сістэма ўзаемадзеяння нацыянальных наглядальнікаў на раённым і абласным узроўні. Яны сёння гатовы прадстаўляць у наш Цэнтр грамадскага назірання аператыўную інфармацыю з месцаў аб ходзе галасавання. Гэту інфармацыю, як ідзе выбарчы працэс, якія пазаштатныя або іншыя сітуацыі ўзнікаюць на месцах, мы будзем аператыўна перадаваць  у сродкі масавай інфармацыі, каб нашы грамадзяне маглі бачыць поўную і аб’ектыўную карціну, - расказаў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў. - Наглядальнікі гатовы да прынцыповай работы. Яны ўсе прайшлі навучанне, ведаюць свае правы, ведаюць, як, згодна з заканадаўствам, павінен быць арганізаваны выбарчы працэс. І гатовы пры неабходнасці нейкія свае заўвагі і прапановы ўносіць выбарчым камісіям".

У сваю чаргу намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Белая Русь" Аляксандр Астаповіч падкрэсліў, што ў вядучых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый ужо ёсць добры вопыт узаемадзеяння, які дае магчымасць арганізаваць поўнамаштабнае назіранне за выбарамі.

"Ад кожнага грамадскага аб’яднання і партыі мы вылучылі наглядальнікамі сваіх прадстаўнікоў. Яны ўсе прайшлі акрэдытацыю. Задача гэтых людзей - дапамагчы пазбегнуць нейкіх памылак у выбарчым працэсе", - адзначыў Аляксандр Астаповіч.

У прэс-службе адзначылі, што Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі таксама запускае гарачую лінію, якая пачне працаваць з першага дня датэрміновага галасавання.

"Гэта навацыя бягучага года. Мы арганізавалі шматканальную гарачую лінію, каб кожны жыхар нашай краіны мог пазваніць у Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, выказаць нейкія свае заўвагі па працэсе галасавання. Мы праз нашых наглядальнікаў зможам аператыўна гэту інфармацыю ўдакладніць і прадаставіць грамадзянам Беларусі аб’ектыўную карціну з месцаў", - дадаў Вадзім Грачоў.

З заўвагамі і прапановамі аб ходзе галасавання жыхары Беларусі могуць звярнуцца па тэлефоне 8 (017) 215 21 83 (з 20 па 24 лютага з 12.00 да 19.00, 25 лютага - з 8.00 да 20.00).

Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі створаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў, грамадскімі аб’яднаннямі "Белая Русь", БРСМ, "Беларускі саюз жанчын", "Патрыёты Беларусі", а таксама Беларускай партыяй "Белая Русь", Камуністычнай партыяй Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі, Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці. -0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі