ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 26 верасня 2023
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 чэрвеня 2023, 10:16

"Трэба пабыць з прыродай, каб адчуць рэлакс". Хто і навошта прыязджае да духа балот у запаведнік

Віктар Роўда
Віктар Роўда

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Балотнік Незвычайны - жамчужына Бярэзінскага біясфернага запаведніка, а яшчэ яго афіцыйны брэнд і таварная марка.

Абавязковы ўдзельнік свят і фестываляў, любімец дзяцей і дарослых Балотнік робіць усё магчымае і немагчымае, каб у гасцей быў добры настрой, - жартуе, хуліганіць, паказвае фокусы. Стваральнік казачнага персанажа Віктар Роўда - супрацоўнік аддзела турызму, экаасветы і інфармацыйнага забеспячэння. У хатцы на курыных ножках сярод балот ён успамінае, як доўга шукаў падыходзячы вобраз, здольны зацікавіць наведвальнікаў запаведніка: "Працуючы экскурсаводам, я зразумеў, што нават самыя незвычайныя гісторыі з жыцця Бярэзінскага не могуць надоўга ўтрымаць увагу слухача. А вось цікавы персанаж - лёгка. Я пачаў думаць, хто гэта мог бы быць. І аднойчы асяніла: наш біясферны - гэта 850 тыс. кв.км, з якіх больш як 60 працэнтаў - суцэльныя балоты. Дык каму аб запаведніку расказваць, як не Балотніку - беларускаму міфалагічнаму персанажу?"

Дырэктар Бярэзінскага біясфернага запаведніка Андрэй Пракошын
Дырэктар Бярэзінскага біясфернага запаведніка Андрэй Пракошын

Увасобіць міфалагічны вобраз Віктару Роўду аказалася лёгка, паколькі ён - прафесійны тэатральны рэжысёр. Вучыўся ў Харкаўскім інстытуце культуры, пасля заканчэння вярнуўся на малую радзіму - у Вілейку. Там 16 гадоў кіраваў народным тэатрам, на адным са спектакляў сустрэў будучую жонку - яе дачка іграла ў "Папялушцы" галоўную ролю, маці прыйшла паглядзець...

"Закахалася з першага погляду. У Віктара немагчыма не закахацца", - прызнаецца Ірына Уладзіміраўна.

Гэтымі днямі споўнілася 14 гадоў з таго часу, як шчаслівая сям'я Роўдаў пасялілася ў Домжарыцах - цэнтры Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Ірына Уладзіміраўна працуе кантралёрам-касірам у лясным заапарку. Дачка Тамара тут жа ветэрынарам. Сын Назар вучыцца ў домжарыцкай школе.

Віктар Роўда - чарговы герой праекта "Беларусы ў кадры". У той самай хатцы на курыных ножках сярод балот Бярэзінскага біясфернага запаведніка мы гаворым аб тым, як прыручыць мядзведзя, чаму барада Балотніка з моху стала вялікай памылкай, навошта турысты вяртаюцца ў запаведнік і што важнага ім дапамагае зразумець прырода.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Фота Віталя Піваварчыка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі