
17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь шмат што зрабіла і робіць для стабілізацыі сітуацыі з бежанцамі. Гэта адзначыў карэспандэнту БЕЛТА студэнт з Конга Давід Асумані, які вучыцца ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ў Гомелі і наведаў фотавыставу БЕЛТА "Мяжа паміж жыццём і смерцю".
"Я вучуся ў Беларусі, знаёмлюся з жыццём вашай краіны і бачу, што тут спакойная абстаноўка, мірнае жыццё, добры ўзровень жыцця. Акрамя таго, Беларусь займае важнае месца ў вырашэнні пытанняў, якія звязаны з сусветнымі праблемамі. Напрыклад, крызісу бежанцаў. Лічу, што Беларусь заняла правільную пазіцыю, імкнучыся дапамагчы людзям", - сказаў прадстаўнік Конга.
Ён расказаў, што некаторыя яго суайчыннікі добра знаёмыя з праблемай бежанцаў і гэта цяжкае пытанне.
Давід Асумані падзяліўся, што марыць застацца ў Беларусі, жыць і працаваць тут, прыносіць карысць краіне.
У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (г. Мінск, пл. Свабоды, 15) сёння адкрылася фотавыстава БЕЛТА "Мяжа паміж жыццём і смерцю" пры падтрымцы Цэнтра "Сістэмная праваабарона". Выстава складаецца з больш як 100 фатаграфій, дзе адлюстраваны рэальныя гісторыі і лёсы мігрантаў з розных краін, у тым ліку дзяцей. Галоўная задача аўтараў выставы - расказаць з дапамогай здымкаў пра міграцыйны крызіс, паказаць рэальную сітуацыю на беларуска-польскай граніцы.
20 сакавіка фотавыстава "Мяжа паміж жыццём і смерцю" прадоўжыць сваю работу ў фае чыгуначнага вакзала Мінска (Прывакзальная плошча, 3). Фатаграфіі будуць экспанавацца тут да 26 сакавіка. З 27 сакавіка па 2 красавіка фотавыстава "Мяжа паміж жыццём і смерцю" будзе прадстаўлена ў будынку Нацыянальнага аэрапорта Мінск. На працягу ўсяго часу выстава будзе працаваць без выхадных, уваход бясплатны.-0-