ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2022, 16:30

Стан дарог, выплата пенсіі: Рагашчук правёў прыём грамадзян у Рэчыцкім раёне

19 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пытанні стану дарог, выплаты пенсіі агучаны на прыёме грамадзян памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гомельскай вобласці Мікалаем Рагашчуком у Рэчыцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яўген Афанасьеў прыехаў на прыём з Гомеля. Мужчына - грамадзянін Расіі, жыве ў Беларусі з 2007 года. Знаходзячыся на пенсіі, прадаўжае працаваць у нямецкай кампаніі. Аднак ён не задаволены памерам пенсіі, якая яму выплачваецца. Цяпер пытаннем пенсіянера займаюцца ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці. Адпраўлены запыт і дакументы ў Расію. Пакуль па даручэнні памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гомельскай вобласці спецыялісты зробяць папярэдні разлік у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Потым будуць прапанаваны магчымыя рашэннi сiтуацыi. Не выключана, што будзе і варыянт па змене грамадзянства. Дзве пенсіі - расійскую і беларускую - атрымліваць немагчыма, удакладнілі ў камітэце. "Усё будзе вырашана выключна ў рамках закона. Іншага проста не дадзена", - падкрэсліў Мікалай Рагашчук.

Эмацыянальна расказала аб праблеме жыхароў вёскі Адамаўка Рэчыцкага раёна Ніна Пузевіч. Жанчына сцвярджае: размова аб 700-800 метрах асфальтавага пакрыцця. Цяпер сельская грунтавая дарога, паводле слоў заяўніцы, прыносіць нямала дыскамфорту і тым, хто жыве побач, і тым, хто па ёй ездзіць. "Ямы - па калена. У спёку праязджаючы транспарт паднімае клубы пылу, які стаіць яшчэ паўгадзіны. Проста няма чым дыхаць. Калі дажджы - усё плавае. Мы хочам жыць у нармальных умовах. Нашу вёску называюць неперспектыўнай, а мы хочам пакінуць яе сваім дзецям і ўнукам", - паскардзілася жанчына. Некалі ў вёсцы было 70 дамоў, цяпер - 15, пастаянна пражываюць 5 чалавек, у дачны перыяд мясцовасць крыху ажывае.

У бліжэйшыя дні прадстаўнікі ДРБУ нумар 14 "Гомельаблдарбуда" разам з жанчынай вывучаць транспартны паток на сельскай вуліцы на працягу дня. Потым будзе прынята рашэнне па далейшых дзеяннях на мясцовасці. Таксама Мікалай Рагашчук адзначыў, што знойдзе час асабіста вывучыць сітуацыю.

Кожны прыём грамадзян можна ацэньваць толькі станоўча, падкрэсліў Мікалай Рагашчук. "Такая работа дае магчымасць лепш даведацца аб праблемах, якія хвалююць жыхароў раёнаў. Сёння ў Рэчыцу прыехаў чалавек і з Гомеля. Прыемна, што звяртаюцца да нас не толькі беларусы. Аб сваёй сітуацыі з пенсійным забеспячэннем расказаў грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Пытанне патрабуе ўвагі, бо чалавек працаваў і ў Расіі, і ў Беларусі. Думаю, што нашы кампетэнтныя службы разбяруцца і прапануюць варыянты", - падзяліўся ён.

Каменціруючы другое пытанне, Мікалай Рагашчук адзначыў: у рэгіёне ўсё робіцца для таго, каб пастаянна падтрымліваць дарогі ў належным стане. "Так, у гэтай вёсцы практычна кожныя чатыры месяцы праходзіць і грэйдар, і прафілююць дарогу. Усё неабходна сувымяраць і з магчымасцямі, і з нарматывамі заканадаўства", - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці. У цэлым тэма стану дарог актуальная для гамяльчан, аднак не мае масавага характару. "Гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя ўлады – сельсаветы, райвыканкамы, аблвыканкам – вырашаюць пытанні на сваім узроўні. І гэта добра. Пры гэтым застаюцца і праблемныя сітуацыі. Напрыклад, у Рэчыцкім раёне 67 км гравійных дарог і яны максімальна падтрымліваюцца ў належным стане. У цэлым масавых дарожных зваротаў па вобласці не фіксуецца", - дапоўніў ён.

Усе пытанні, растлумачыў Мікалай Рагашчук, застаюцца на яго асабістым кантролі. "Больш таго, заўсёды кантралюю і тыя звароты, якія жыхары рэгіёна адрасавалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта. У курсе кожнага з іх", - рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі