
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства МУС "Увага - дзеці!" пройдзе ў Беларусі з 25 мая па 5 чэрвеня. Акцыя традыцыйна прымеркавана да заканчэння навучальнага года і пачатку летніх канікулаў і нацэлена на прафілактыку дарожных здарэнняў з удзелам дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў ГУ ДАІ МУС.
У дні комплекснага мерапрыемства вадзіцелі абавязаны ехаць у светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі.
Як сведчаць факты, у сярэднім 80 працэнтаў дзяцей і падлеткаў атрымліваюць траўмы на дарогах у цёплы час года - з мая па кастрычнік, большая частка - менавіта летам, калі дзеці застаюцца без нагляду педагогаў і бацькоў.
"Супрацоўнікі міліцыі, педагогі і бацькі аб'яднаюць свае намаганні па забеспячэнні бяспекі юных удзельнікаў дарожнага руху. Запланаваны мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў", - расказала прадстаўнік ГУ ДАІ МУС Ганна Банадык.
Асаблівую ўвагу ўдзеляць прафілактычнай рабоце з бацькамі. Міліцыянеры растлумачаць прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама аб тым, што дарослым неабходна асабістым прыкладам дэманстраваць правільныя і бяспечныя паводзіны на дарозе.-0-