ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +28°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2022, 10:24

Спецыялісты расказалі, якія меры супраць COVID-19 прымуць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры

Фота з архіва
Фота з архіва

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі і здароўя выхаванцаў прапрацуюць у кожным дзіцячым аздараўленчым лагеры, паведаміла кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык падчас пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі: актуальныя пытанні".

"Мы не засталіся безуважнымі да тых метадычных рэкамендацый па мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных і іншых інфекцый, у тым ліку кавіду, якія абноўлены ў гэтым годзе Міністэрствам аховы здароўя. Меры крыху аслаблены, тым не менш яны даволі строгія. Будзем спадзявацца, што ўскладнення эпідсітуацыі не будзе. Тым не менш у кожным аздараўленчым лагеры, асабліва з кругласутачным знаходжаннем, неабходна распрацаваць план дадатковых мер па забеспячэнні бяспекі і здароўя выхаванцаў", - сказала Ларыса Емяльянчык.

Яна растлумачыла, што кожны лагер сам вызначыць такія дадатковыя мерапрыемствы.

"Метадычныя рэкамендацыі даволі дакладна выбудаваны, гэта своеасаблівы план работы. У кожным аздараўленчым лагеры такія планы па забеспячэнні бяспекі, захаванні здароўя адпачывальнікаў складаюцца", - сказала яна.

Кансультант галоўнага ўпраўлення асобна спынілася на магчымасці праводзіць бацькоўскія дні. Яна адзначыла: рашэнне аб тым, праводзіць іх ці не, прымаецца на мясцовым узроўні зыходзячы з існуючай сітуацыі, у тым ліку эпідсітуацыі. "У метадычных рэкамендацыях па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя мы прапісалі так: "абмежаваць". Калі ўсё добра, магчыма, на другой, трэцяй змене лагеры і будуць прымаць бацькоў. Слова "абмежаваць" дазваляе, а не забараняе правядзенне бацькоўскіх дзён, калі для гэтага ёсць умовы", - растлумачыла яна.

Захаванне здароўя дзяцей і іх бяспечнае знаходжанне - асноўная задача, падкрэсліла Ларыса Емяльянчык. "На стварэнне бяспечных умоў знаходжання ў лагерах накіравана ўся наша работа. У тым ліку гэта ахова тэрыторыі, прапускны рэжым і г.д.", - адзначыла яна. Кансультант галоўнага ўпраўлення дадала, што абавязкова ўся тэрыторыя лагераў апрацоўваецца ад кляшчоў, гэта непарушнае правіла санітарна-эпідэміялагічнай службы.

Прадаўжаючы тэму процідзеяння кавіду, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай нагадаў аб наяўнасці ў лагерах плана дзеянняў пры ўзнікненні інфекцыйных захворванняў. У гэтым выпадку праводзяцца пэўныя мерапрыемствы, у прыватнасці дзіця ізалюецца, а інфармацыя перадаецца ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

У метадычных рэкамендацыях прадугледжаны прынцыпы дыстанцыравання (з улікам гэтага будзе ажыццяўляцца рассадка дзяцей пры харчаванні, гуртковай рабоце), рэжым праветрывання (не радзей за тры разы на дзень - пасля харчавання, спартыўна-масавых мерапрыемстваў у спартыўных залах, у холах) і інш. Як і раней, лагеры павінны быць забяспечаны запасам СІА і сродкаў дэзынфекцыі на перыяд не менш за адну змену.

У першыя тры дні за дзецьмі самы пільны нагляд, які прадугледжвае штодзённую тэрмаметрыю дзяцей, як, дарэчы, і работнікаў. "Усе асноўныя мерапрыемствы, якія былі раней, застануцца, адзінае, што можна будзе з асцярожнасцю па рашэнні арганізатараў лагераў праводзіць экскурсіі. Калі раней з выхадам за тэрыторыю было вельмі строга, то ў гэтым годзе крыху мякчэй. Але зноў жа - з улікам мер сацыяльнага дыстанцыравання", - дадаў Аляксандр Цай.

"Тэхналогія ўжо адпрацавана, метадычныя рэкамендацыі зведалі толькі некаторыя змяненні, - сказаў ён. - Калі ў лагеры няма такога плана дзеянняў, каб прадухіліць масавыя заражэнні, яго не прымуць у работу. Бяспека дзяцей - гэта сёння самая важная задача. Пытанне бяспекі на кантролі ўсіх ведамстваў".

Аляксандр Цай дадаў, што міжведамасная рабочая група займаецца пастаянным прафілактычным маніторынгам санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацый, у якіх у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі арганізуюцца лагеры. "Гэтаму пытанню максімальная ўвага на ўсіх узроўнях. Рука будзе на пульсе да завяршэння летняй аздараўленчай кампаніі, ніхто ў гэты перыяд не расслабляецца", - сказаў на заканчэнне ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі