
24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Снег, туман і галалёдзіца прагназуюцца ў Беларусі на 25-30 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Да канца бягучага тыдня ў Беларусі чакаецца няўстойлівы характар надвор'я. Франтальныя раздзелы будуць прыносіць усё новыя і новыя порцыі ападкаў у выглядзе снегу і мокрага снегу, па паўднёвым усходзе краіны з дажджом. Пры выпадзенні дажджу на пераахалоджанай паверхні будуць утварацца галалёдныя з'явы. У сувязі з гэтым вадзіцелям і пешаходам неабходна быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі", - адзначылі ў Белгідрамеце.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, тэмпературны фон у начныя гадзіны ў асноўным будзе знаходзіцца на баку адмоўных значэнняў. Толькі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах краіны тэмпература паветра месцамі можа быць блізкая да нулявой адзнакі. Дзённыя максімумы будуць вагацца ад слабаадмоўных да слабададатных значэнняў.
У пятніцу, 25 лістапада, умовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца ў паўночным напрамку. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (снег, мокры снег), па паўднёвым усходзе з дажджом. Ноччу і раніцай па паўночным усходзе моцны снег. Месцамі туман, на дарогах галалёдзіца. У асобных раёнах краіны, а ноччу і раніцай па паўднёвым усходзе на большай частцы тэрыторыі галалёд. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад 0 да мінус 6 градусаў. Днём чакаецца мінус 4 - плюс 1 градус.
У суботу, 26 лістапада, Беларусь будзе знаходзіцца ў зоне атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з усходу Украіны. Часам будуць ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым усходзе з дажджом). У асобных раёнах туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу панізіцца да мінус 6 - плюс 1 градуса. Днём тэмпература паветра складзе мінус 4 - плюс 2 градусы.

У нядзелю, 27 лістапада, ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне прагназуюцца ападкі, у асноўным снег і мокры снег. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Ноччу тэмпература паветра будзе 0 - мінус 7 градусаў, а днём - мінус 4 - плюс 2 градусы.
У пачатку наступнага тыдня аблокаў стане менш, снежныя зарады набудуць лакальны характар, толькі па паўднёвым усходзе краіны захаваецца магчымасць дажджу.
У панядзелак - сераду, з 28 па 30 лістапада, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, па паўднёвым усходзе магчымы дождж). У асобных раёнах згусціцца туман, будзе слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад 0 да мінус 7 градусаў, а пры праясненнях - да мінус 10 градусаў. Днём тэмпература паветра складзе мінус 4 - плюс 2 градусы.-0-