ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 10 жніўня 2022
Мінск +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 чэрвеня 2022, 14:00

Сенатары адобрылі законапраект па пытаннях зямельных адносін

Фота з архіва
Фота з архіва

30 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Сенатары на пасяджэнні восьмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб змяненні кодэксаў" (па пытаннях зямельных адносін і самавольнага будаўніцтва), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прэзідэнт неаднаразова звяртаў увагу на тое, што рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў - фундамент стабільнасці любой дзяржавы. Для кожнага жыхара нашай краіны вырашэнне зямельных пытанняў важна, - расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы. - Праект закона падрыхтаваны для забеспячэння спрыяльных умоў землекарыстання ў рэгіёнах, пашырэння правоў мясцовых органаў улады і землекарыстальнікаў па распараджэнні і карыстанні зямельнымі ўчасткамі, развіцця грамадзянскага абароту зямельных участкаў і ўключэння ў яго зямель, якія не выкарыстоўваюцца, спрашчэння парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, аптымізацыі ўмоў прадастаўлення зямельных участкаў суб'ектам гаспадарання розных форм уласнасці".

Прадугледжваецца пашырэнне паўнамоцтваў Савета Міністраў у частцы вызначэння парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, пераводу зямельных участкаў з адных катэгорый і відаў у іншыя, а таксама мясцовых органаў улады ў вырашэнні зямельных пытанняў, у тым ліку наконт самавольна занятых зямельных участкаў, магчымасці правядзення здзелак і іншых дзеянняў з імі, іх прадастаўлення з улікам магчымасці павелічэння гранічных памераў для будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці.

Праект закона прадугледжвае прывядзенне норм дзеючага Кодэкса аб зямлі ў адпаведнасць з Лясным кодэксам, а таксама законамі "Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве", "Аб раслінным свеце" і іншымі заканадаўчымі актамі.

Нормы праекта закона дазволяць значнай частцы насельніцтва рэалізаваць свае магчымасці ў частцы легалізацыі правоў на самавольна заняты зямельны ўчастак, а мясцовым органам улады вырашыць існуючыя праблемы землекарыстальнікаў у гэтай сферы. Для вырашэння праблем членаў садоўніцкіх таварыстваў па пытаннях карыстання зямельнымі ўчасткамі ў іх праект закона дапускае змяненне меж гэтых участкаў без карэкціроўкі праекта арганізацыі тэрыторыі таварыства, што дасць магчымасць скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур і залішніх узгадненняў.

Цяпер заканадаўствам устаноўлены шэраг абмежаванняў адносна здзелак з зямельнымі ўчасткамі, у тым ліку з размешчанымі на іх аб'ектамі незавершанага будаўніцтва, якія ўключаюць раздзел, змяненне меж і мэтавага прызначэння зямельных участкаў. У сувязі з гэтым праектам закона прапануецца ўстанавіць, што абласныя, раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты будуць мець права выносіць у адносінах да землекарыстальнікаў рашэнні аб дазволе правядзення здзелак і іншых дзеянняў з зямельнымі ўчасткамі пры выкананні імі горадабудаўнічых рэгламентаў, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, проціпажарных, будаўнічых норм і правіл.

Для выключэння карупцыйных праяў, а таксама эфектыўнага выкарыстання найбольш каштоўных зямель Мінска і абласных цэнтраў, іх прыгарадных раёнаў і іншых тэрыторый адной з такіх умоў будзе з'яўляцца ўнясенне землекарыстальнікам платы за зямельны ўчастак па яго рыначным кошце, але не ніжэйшым за кадастравы.

Згодна з праектам закона істотна пашыраны паўнамоцтвы і адказнасць мясцовых выканаўчых камітэтаў у частцы працэдуры адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, даючы ім права самастойна вызначаць мэты, населеныя пункты і іншыя тэрыторыі, у межах якіх зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца без правядзення аўкцыёнаў. З улікам адобраных кіраўніком дзяржавы прапаноў пашыраны пералік выпадкаў, калі рашэнні аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў з сельскагаспадарчых і лясных зямель прымаюцца без узгаднення з Прэзідэнтам.

"Прыняцце праекта закона дасць магчымасць комплексна ўдасканаліць зямельныя адносіны, вырашыць існуючыя праблемы землекарыстальнікаў і акажа пазітыўны эфект на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны", - адзначыў сенатар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі