
18 жніўня, Нароўля /Кар. БЕЛТА/. Развіццё інфраструктуры населеных пунктаў, зямельныя спрэчкі, жыллё - гэтыя і іншыя пытанні гучалі сёння ў час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, што правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў Нароўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Больш за тры гады не можа вырашыць зямельнае пытанне жыхарка Гомеля. У гараджанкі ёсць дачны ўчастак у Калініне Гомельскага раёна. Паводле слоў жанчыны, суседская лазня стаіць якраз на мяжы ўчасткаў, і яшчэ да 1 чэрвеня будынак не быў зарэгістраваны. "Агароджа сетка-рабіца - на нашай зямлі. Цэмент для металічных слупоў заліты на маёй зямлі", - апісала сітуацыю гамяльчанка.
"Створым камісію, разбяромся па кожным пункце, спецыялісты прапрацуюць і дадуць заключэнне", - сказаў Іван Крупко.
Інвалід-калясачнік з Азарычаў Калінкавіцкага раёна паскардзіўся, што ў гарадскім пасёлку адсутнічаюць пандусы на сацыяльна важных аб'ектах. "Звяртаюся ў розныя інстанцыі, але пытанне не вырашаецца", - удакладніў заяўнік.
"Акрамя таго, я пазбаўлены магчымасці паездкі ў раён. Рэйсавыя аўтобусы, якія праходзяць цераз Азарычы, не абсталяваны для пасадкі-высадкі інвалідаў. І каб трапіць, напрыклад, на абследаванне, а гэта за 42 км, даводзіцца наймаць машыну ў прыватнікаў - атрымліваецца Br40-50", - расказаў ён.
Як растлумачыў старшыня аблвыканкама, у наступным годзе гарпасёлак чакаюць пераўтварэнні: "Выпрацоўваем комплексны план, дзе будуць улічаны і дарогі, і вуліцы, і інфраструктура, і іншыя аспекты. Прывядзём усё ў належны стан". Па пытанні транспарту тэму вывучаць сацыяльныя службы".
Шматдзетную сям'ю з Урыцкага Гомельскага раёна хвалюе жыллёвае пытанне. У тэлефонным званку галава сям'і растлумачыў, што для рэканструкцыі існуючага дома зрабілі праект. Па праекце частку дома дэманціравалі. "Засталося толькі 39 кв.м - кухня і адзін жылы пакой. Нас пяцёра чалавек. Хочам стаць на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў і скарыстацца сямейным капіталам, але ў гэтым нам адмаўляюць", - апісаў стан спраў мужчына. У нюансах сітуацыі будзе разбірацца камісія, у якую ўвойдуць спецыялісты розных службаў.
Жыхары шматкватэрнага кааператыўнага дома ў Нароўлі на прыёме агучылі сваю праблему: дах увесь гнілы, цячэ, на чарзе на рамонт дом не стаіць.
Губернатар паставіў задачу ўладам раёна - стварыць камісію, прайсці па кожнай кватэры і заключыць дагаворы аб матэрыяльным удзеле жыльцоў (прапарцыянальна існуючым ва ўласнасці ў іх квадратным метрам) у рамонце з растэрміноўкай пакрыцця сродкаў на год. Як толькі будуць падпісаны дагаворы, пачнуць бягучы рамонт. Жыльцоў хвалюе і пытанне, куды пайшлі грошы, якія яны адлічвалі з моманту ўводу дома. Старшыня аблвыканкама адзначыў: неабходна правесці пракурорскую праверку па рабоце кіраўніцтва кааператыва.
Шэраг пытанняў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ўзняў пенсіянер з Нароўлі. Так, жыхара райцэнтра цікавіць тэма замацавання маладых спецыялістаў у Нараўлянскім раёне, функцыянавання сельгаспрадпрыемстваў, добраўпарадкавання і многія іншыя.
Звароты заяўнікаў узялі на кантроль.-0-