
24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва абмяркоўваліся ў час сустрэчы міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова з дэлегацыяй Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам на чале з міністрам грамадскай бяспекі То Ламам, паведамляе БЕЛТА.
Перад сустрэчай госці азнаёміліся з выстаўкай узбраення, спецыяльных сродкаў і абмундзіравання атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння і спецпадраздзялення "Алмаз".
Іван Кубракоў адзначыў, што ва ўмовах абвастрэння грамадска-палітычнай абстаноўкі ў шэрагу дзяржаў тэм для абмеркавання становіцца больш. Актуальнымі застаюцца пытанні процідзеяння кіберзлачыннасці і масавым парушэнням грамадскага парадку, барацьба з міжнародным тэрарызмам, распаўсюджваннем наркотыкаў.
"З Міністэрствам грамадскай бяспекі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам мы ўзаемадзейнічаем з 2000 года. Сёння мы абмеркавалі планы ўзаемадзеяння па многіх напрамках і вызначыліся, што нашы ўпраўленні міжнароднага супрацоўніцтва падрыхтуюць канкрэтны план рэалізацыі на 2023 год. Гэта і пытанні ўзаемадзеяння па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, процідзеяння кіберзлачынствам, а таксама нарказлачынствам, - расказаў міністр. - Па лініі Інтэрпола намі перададзена канкрэтная інфармацыя Міністэрству грамадскай бяспекі В'етнама аб тых людзях, якія знаходзяцца на тэрыторыі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам і ўчыняюць нарказлачынствы".
На сустрэчы асабліва адзначана: існуючыя паміж ведамствамі пагадненні рэалізуюцца ў поўным аб'ёме і наперадзе вялікая работа па наладжванні яшчэ больш цесных узаемаадносін.
"Мы агаварылі пытанні падрыхтоўкі кадраў, як у В'етнаме, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Калегі вельмі зацікаўлены нашым вопытам падрыхтоўкі кадраў. У бліжэйшы час першая група прыбудзе ў Акадэмію МУС для падрыхтоўкі. У першую чаргу па процідзеянні экстрэмізму, у барацьбе з тэрарызмам, па падрыхтоўцы супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў. Мы паказалі нашы магчымасці, выстаўку ўзбраення і экіпіроўкі нашых супрацоўнікаў", - адзначыў Іван Кубракоў.
Як дадалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, міністр грамадскай бяспекі В'етнама То Лам таксама бачыць перспектыву для яшчэ больш цеснага ўзаемадзеяння ў частцы абучэння супрацоўнікаў. Так, в'етнамскім калегам асабліва цікавы вопыт беларускіх вартавых парадку ў кіналагічнай сферы, процідзеянні кіберзлачынствам, барацьбе з гандлем людзьмі. У іх ёсць жаданне пераняць методыкі падрыхтоўкі байцоў спецпадраздзяленняў, выкарыстоўваць напрацоўкі па стварэнні экіпіроўкі супрацоўнікаў.-0-