ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 1 снежня 2022
Мінск Малавоблачна -8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 верасня 2022, 18:35

Прадстаўнік Мінпрацы: пажылыя людзі хочуць актыўна ўносіць уклад у развіццё краіны

30 верасня, Салігорск /Кар. БЕЛТА/. Пажылыя людзі хочуць актыўна ўносіць уклад у развіццё краіны, быць запатрабаванымі і патрэбнымі. Аб гэтым расказала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марына Арцёменка пасля ўзнагароджвання валанцёраў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Марына Арцёменка падкрэсліла, што жыццёвы вопыт і мудрасць людзей старэйшага пакалення асабліва запатрабаваны ў валанцёрскай дзейнасці. "Сёння валанцёры - гэта не толькі моладзь, але і пажылыя людзі. Розныя атрады валанцёраў аб'ядноўваюцца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Сёння ўжо амаль 2,5 тыс. валанцёраў працуюць на базе такіх цэнтраў. Яны актыўна гатовы дзяліцца сваім вопытам - гэта праграма "Роўны навучае роўнага", "Бабуля на гадзіну", дапамога пажылым людзям у побыце. Формы ўдзелу розныя і залежаць ад таго, якія праграмы гатовы прапанаваць тэрытарыяльны цэнтр і якімі навыкамі гатовы дзяліцца валанцёры", - расказала намеснік міністра.

Яна падкрэсліла, што валанцёрская дзейнасць дае магчымасць адчуць сябе запатрабаванымі і патрэбнымі. "Пажылыя людзі не хочуць выступаць толькі аб'ектам сацыяльнай дапамогі. Яны хочуць быць актыўнымі дзеячамі і ўдзельнікамі свайго жыцця, уносіць уклад у развіццё краіны і перадаваць свой вопыт іншым. Сёння мы бачым, наколькі людзі старэйшага пакалення актыўныя і наколькі змяняецца канцэпцыя свята пажылых людзей", - адзначыла Марына Арцёменка.

Па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пажылых людзей, які адзначаецца ў Беларусі 1 кастрычніка. Яны суадносяцца з асноўнымі напрамкамі нацыянальнай стратэгіі "Актыўнае даўгалецце". Гэта комплексны дакумент на перыяд з 2021 па 2030 год, накіраваны на ўсебаковы ўлік патрэбнасцей пажылых грамадзян у сацыяльнай палітыцы. Каардынатарам яе рэалізацыі выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У рамках святкавання 30 верасня ў Беларусі ўпершыню быў дадзены старт агульнарэспубліканскаму марафону па скандынаўскай хадзьбе для людзей старэйшага пакалення, які плануецца зрабіць штогадовым. У ім прыняло ўдзел амаль 2 тыс. чалавек з усёй краіны. У Салігорску таксама прайшло мерапрыемства ўрачыстай рэгістрацыі 50-годдзя шлюбнага жыцця шасці пар Мінскай вобласці, якія роўна паўстагоддзя таму зарэгістравалі шлюб. Яны паставілі свае подпісы ў часопісе пачэсных гасцей і прынялі ўрачыстыя віншаванні.

Прадстаўнікі Мінпрацы і Мінгарвыканкама таксама наведалі маштабнае мерапрыемства да Дня пажылых людзей у парку "Чатырох стыхій", дзе разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі "Мудрасць. Вопыт. Бяспека", "Жыць здорава", "Добрых рук майстэрства", "У свеце роўных магчымасцей" і інш. Усе 23 раённыя тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці прадэманстравалі дзейнасць, у якую ўключаюцца пажылыя людзі, - гэта спартыўны, мастацкі, танцавальны і кулінарны напрамкі, гульні для прафілактыкі дэменцыі, распрацоўкі для безбар'ернага асяроддзя і іншыя. Адначасова з гэтым працавала і танцавальная пляцоўка, дзе пажылыя людзі арганізавалі святочны танцавальны флэшмоб "Мелодыі душы".

На мерапрыемстве за ўдзел у валанцёрскім руху і грамадскім жыцці былі адзначаны падзякамі 12 пажылых грамадзян з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі