ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 24 чэрвеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +21°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 мая 2021, 13:39

Піневіч: здаровая і моцная сям'я - аснова дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы

Фота з архіва
Фота з архіва

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Здаровая і моцная сям'я - асноўны складнік дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы, заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму "Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сямейная палітыка ў нашай краіне ўключае маштабны комплекс мер падтрымкі. Сям'я - гэта часцінка грамадства, і ў нашай краіне яе праблемы вырашаюцца на дзяржаўным узроўні пры актыўным удзеле грамадскіх арганізацый прасямейнай накіраванасці, якія садзейнічаюць умацаванню прэстыжу і ролі сям'і, сацыяльнай падтрымцы мацярынства і бацькоўства, матывацыі на здаровы лад жыцця і адказнае стаўленне грамадзян да інстытута сям'і", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

Ён адзначыў, што аналіз тэндэнцый развіцця сям'і ў рэспубліцы дазволіў сфармуляваць першачарговыя задачы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць паляпшэнню сітуацыі ў гэтай галіне грамадскіх адносін, развіццю сістэмы падтрымкі сем'яў з дзецьмі, умацаванню інстытута сям'і і адказнага бацькоўства.

Дзмітрый Піневіч падкрэсліў: Міністэрства аховы здароўя заняло актыўную пазіцыю ў прафілактыцы абортаў і планаванні сям'і. Арганізавана аказанне псіхалагічнай дапамогі пацыентам і іх сваякам, папулярызуюцца духоўна-маральныя каштоўнасці, удасканальваецца сістэма падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця. "Упэўнены, што стваральны вопыт работы праваслаўных інфраструктур з сем'ямі разнастайных катэгорый неацэнны і будзе выкарыстаны ў рэалізацыі сямейнай палітыкі дзяржавы. Спадзяюся, што агульная мэта аб'яднае нас, стане залогам паспяховых творчых і дзелавых сустрэч", - рэзюмаваў ён.

Форум "Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды" праводзіцца сёння, у Міжнародны дзень сям'і, па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Арганізатарамі выступаюць сінадальны аддзел па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай праваслаўнай царквы і Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства "Матуля".

На форуме прагучаць даклады прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, адказных за рэалізацыю сямейнай і маладзёжнай палітыкі. Далей адбудзецца абмен практычным вопытам. Свае выступленні прадставяць супрацоўнікі праваслаўных цэнтраў абароны сям'і і мацярынства, Мінскага гарадскога цэнтра дапамогі сям'і і дзецям, іншых арганізацый.

Сярод удзельнікаў форуму - спецыялісты епархіяльных аддзелаў па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, супрацоўнікі і валанцёры грамадскіх прасямейных арганізацый. Гасцямі мерапрыемства стануць прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя, Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Беларускага саюза жанчын.

Галоўная ідэя форуму - аб'яднаць намаганні праваслаўных арганізацый для падтрымкі сям'і, абароны мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, пашырэння хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей і традыцый, зрабіць яшчэ больш даступным лепшы вопыт практычнай работы з сем'ямі розных катэгорый, адзначылі ў сінадальным аддзеле па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай праваслаўнай царквы.

У гэтым годзе ў сувязі з эпідабстаноўкай мерапрыемства праходзіць у рэжыме відэаканферэнцыі. У будучым форум "Сям'я: сёння, заўтра і заўсёды" плануецца праводзіць штогод.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі