ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 26 верасня 2023
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 чэрвеня 2023, 18:02

Піневіч: задача дыягностыкі - максімальная колькасць працэдур на месцах

1 чэрвеня, Рагачоў /Кар. БЕЛТА/. Максімальная колькасць працэдур па дыягностыцы захворванняў павінна праводзіцца на месцах, на гэта нацэлена ў тым ліку і развіццё тэлемедыцыны. Аб гэтым у гутарцы з журналістамі паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч пасля адкрыцця кабінета рэнтгенаўскай камп'ютарнай тамаграфіі ў Рагачоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыў, што адкрыццё КТ - гэта набліжэнне медыцынскай дапамогі высокага ўзроўню да кожнага жыхара краіны. "У прыватнасці, камп'ютарны тамограф дазваляе даволі дакладна дыферэнцыраваць тыя ці іншыя віды траўмаў, асабліва траўмаў, якія звязаны з галаўным мозгам", - звярнуў увагу Дзмітрый Піневіч.

"Другое: камп'ютарны тамограф - гэта новы ўзровень дыягностыкі. Дыягностыкі, якая, як паказала кавідная інфекцыя, павінна быць набліжана да любога тэрапеўтычнага аддзялення. Гэта, безумоўна, ранняя дыягностыка анкалагічных захворванняў, захворванняў апорна-рухальнага апарату", - падкрэсліў міністр.

Немалаважна і тое, што там, дзе ёсць хірургічнае аддзяленне, падтрымка КТ з'яўляецца неад'емнай часткай высокатэхналагічнага працэсу, дадаў ён.

Акрамя таго, гэта яшчэ адзін крок на шляху развіцця тэлемедыцынскіх кансультацый. Паводле слоў Дзмітрыя Піневіча, асноўная задача дыягностыкі - ахапіць пацыентаў максімальнай колькасцю працэдур менавіта на месцах. "Каб людзі не ездзілі (далёка ад месца пражывання. - Заўвага БЕЛТА). Можна ехаць за дапамогай, можна ехаць за кансультацыяй у нейкай ступені, але львіная доля павінна быць на месцы пражывання", - зрабіў акцэнт ён.

"І важна тут і цяпер накіраваць паток інфармацыі ў цэнтр кампетэнцыі - напрыклад, у Гомель ці Мінск. І доктар у рэжыме анлайн будзе кансультаваць", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

"Думаю, што да канца наступнага года гэта пытанне (тэлемедыцынскіх кансультацый. - Заўвага БЕЛТА) закрыем", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі