
1 чэрвеня, Рагачоў /Кар. БЕЛТА/. Там, дзе імпартазамяшчэнне дае свой плён, яно павінна быць. Акцэнт на гэтым у размове з журналістамі зрабіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч пасля адкрыцця кабінета рэнтгенаўскай камп'ютарнай тамаграфіі ў Рагачоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр звярнуў увагу: кабінеты КТ адкрываюцца ўсюды. Вялікая доля гэтага абсталявання - беларускай вытворчасці. Ёсць і кітайскай. Дзмітрый Піневіч адзначыў, што з кітайскімі калегамі ёсць планы па лакалізацыі іх прадукцыі, сумеснай вытворчасці і затым укараненні тэхналогіі, пабудове сваёй уласнай лініі.
"У гэтым годзе ў нас ужо будзе прыблізна 40 працэнтаў вырабаў медыцынскага прызначэння беларускай вытворчасці. Гэта і нашы расходныя матэрыялы, і новае абсталяванне, і гэтак далей. У лекавых прэпаратах - у нас больш як 50 працэнтаў. І задача стаіць яшчэ больш амбіцыйная. У нас, напрыклад, няма ўласнай вытворчасці імунабіялагічных прэпаратаў, новых прэпаратаў для анкалогіі. Стаіць задача будаўніцтва новых прадпрыемстваў, якія далі б магчымасць нам мець гэты спектр прадукцыі", - расказаў Дзмітрый Піневіч.
Паводле яго слоў, такая задача ставіцца і па дыягнастычных апаратах, іншых напрамках. "Там, дзе імпартазамяшчэнне дае свой плён, яно павінна быць", - перакананы міністр.
"Лічу, гэта таксама адзін з элементаў нашай бяспекі. Наша імпартазамяшчэнне, наша ўстойлівасць - немалаважны ўклад. Плюс сёння ў нас Год міру і стварэння - і гэта наш уклад у гэтым напрамку", - рэзюмаваў міністр.-0-