
16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску стартаваў пілотны праект "Медыятары і натарыусы за сямейныя каштоўнасці". Такая інфармацыя размешчана на сайце Беларускай натарыяльнай палаты, паведамляе БЕЛТА.
Арганізатары ставяць мэту сфарміраваць алгарытм узаемадзеяння натарыусаў і медыятараў для мірнага ўрэгулявання канфліктаў у шлюбна-сямейных адносінах. Праект дазволіць вырашаць канфлікты згодна з законам, улічваючы інтарэсы кожнага з бакоў, а таксама хутчэй і з найменшымі матэрыяльнымі затратамі рэгуляваць рознагалоссі.
Мяркуецца, што ў выпадку, калі ў бакоў узнікаюць супярэчнасці, якія не дазваляюць ажыццявіць натарыяльнае дзеянне, натарыус можа парэкамендаваць грамадзянам звярнуцца да медыятара да ажыццяўлення натарыяльнага дзеяння.
Для правядзення пілотнага праекта вызначаны чатыры пляцоўкі ад Мінскай гарадской натарыяльнай акругі: першая Мінская гарадская натарыяльная кантора, натарыяльная кантора Цэнтральнага раёна Мінска, натарыяльныя бюро нумар 58 і нумар 59 Мінска. Арганізатарамі праекта выступілі Міністэрства юстыцыі, Беларуская натарыяльная палата, Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў і вучэбна-практычная ўстанова "Цэнтр "Медыяцыя і права".-0-