ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 31 мая 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 красавіка 2020, 15:45

Паліклінікі арыентаваны на дапамогу пажылым і пацыентам з хранічнымі захворваннямі дома

Аляксандр Ліндэраў
Аляксандр Ліндэраў

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паліклінікі, у прыватнасці 35-я гарадская клінічная паліклініка Мінска, максімальна пераарыентаваны на аказанне медыцынскай дапамогі дома пажылому насельніцтву і пацыентам з хранічнымі захворваннямі, паведамiў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач гэтай установы Аляксандр Ліндэраў.

Для папярэджання распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, ва ўстанове праводзіцца шэраг проціэпідэмічных мерапрыемстваў. Зацверджаны алгарытм дзеянняў супрацоўнікаў пры выяўленні тых, хто звярнуўся ва ўстанову з клінічнымі сімптомамі захворвання, якое не выключае інфекцыю, выкліканую каранавірусам.

"На сёння мы максімальна абмежавалі правядзенне планавых мерапрыемстваў па дыспансерызацыі, значна знізіўся паток пацыентаў у аддзяленні фізіятэрапіі i рэабiлiтацыi, дзённага знаходжання. Супрацоўнікі гэтых аддзяленняў задзейнічаны ў правядзенні проціэпідэмічных мерапрыемстваў. Мы спраўляемся з гэтай работай даволі паспяхова. Гэта датычыцца не толькі нашай паліклінікі, але і ўсіх паліклінік раёна", - сказаў Аляксандр Ліндэраў.

Сфарміравана 27 брыгад з ліку медработнікаў паліклінікі для медыцынскага нагляду за кантактнымі пацыентамі, а таксама для аказання меддапамогі людзям (пераважна пажылога ўзросту) дома. Як адзначыў галоўны ўрач, сёння паліклініка максімальна пераарыентавана на аказанне медыцынскай дапамогі дома пажылому насельніцтву і пацыентам з хранічнымі захворваннямі.

Сярэднія медыцынскія работнікі штодзённа абзвоньваюць пацыентаў, якія папярэдне запісаліся на прыём, з мэтай выпіскі і дастаўкі дадому рэцэптаў, выпісак, даведак. Праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа. Да яе падключыліся не толькі медсёстры паліклінікі, але і валанцёры Чырвонага Крыжа, БРСМ. Паводле слоў Аляксандра Ліндэрава, за рэцэптамі людзі звяртаюцца не так часта, таму вялікай нагрузкі з-за гэтага няма, удаецца паспяхова спраўляцца. На электронны адрас штодзённа прыходзяць 2-3 такія запыты, тэлефануюць у рэгістратуру.

Работнікі стала даведак і рэгістратуры пры звароце пацыентаў для запісу на прыём і выкліку дамоў удакладняюць мэту звароту. Гэта інфармацыя перадаецца ўчастковай службе для пераважнага аказання медыцынскай дапамогі дома.

Ва ўстанове арганізаваны прыём пацыентаў з тэмпературай з 8.00 да 20.00 у інфекцыйным кабінеце, для іх ёсць асобны ўваход праз вуліцу, абмінаючы рэгістратуру і іншыя кабінеты паліклінікі. Маршрут руху пацыентаў размешчаны на ўваходзе ў паліклініку, а таксама на фасадзе будынка. Больш таго, на ўваходзе ў паліклініку пацыентаў сустракаюць дзяжурныя супрацоўнікі, якія размяркоўваюць паток тых, хто звярнуўся.

Урач інфекцыйнага кабінета прымае пацыента, аглядае, збірае эпіданамнез і вырашае пытанне аб далейшай тактыцы назірання за ім. "Калі пацыент нядаўна прыбыў з нестабільнай па каранавірусе краіны і прыйшоў да нас з прыкметамі віруснай інфекцыі, па загаду мы павінны выклікаць хуткую дапамогу і адправіць яго ў бальніцу. Такія выпадкі адзінкавыя, усё ж людзі прыслухоўваюцца да рэкамендацый заставацца дома і выклікаць урача дадому", - адзначыў Аляксандр Ліндэраў.

Усе медыцынскія работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, якія ёсць у дастатковай колькасці. "У нас ёсць маскі, акуляры, рэспіратары і аднаразовае ахоўнае адзенне", - дадаў галоўны ўрач. Ва ўстанове праводзіцца прыбіранне памяшканняў з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў. У холе паліклінікі ўстаноўлены дазатар з антысептыкам, каб пацыенты маглі апрацаваць рукі.

"Тое, як цяпер арганізавана проціэпідэмічныя работа, мяне задавальняе. Усю сітуацыю, якая складваецца, мы трымаем пад кантролем. Пацыенты, дарэчы, таксама прыслухоўваюцца да нашых рэкамендацый і думаюць у першую чаргу аб захаванні свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх", - рэзюмаваў Аляксандр Ліндэраў.

Дарэчы, з просьбай аб падтрымцы да беларусаў звярнуліся медыкі, запісаўшы відэазварот. Яны просяць прытрымлівацца рэкамендацый урачоў: максімальна абмежаваць стасункі з іншымі людзьмі, не хадзіць у госці да пажылых сваякоў, бацькоў, не адпраўляць да іх сваіх дзяцей, якія могуць быць крыніцай інфекцыі. Медыкі звярнулі ўвагу, што нават калі няма прыкмет захворвання, чалавек можа быць носьбітам інфекцыі і заразіць іншых, у тым ліку сваіх блізкіх. Большасць пераносяць захворванне ў лёгкай форме, але для некаторых яно можа быць больш небяспечным і стаць смяротным, у прыватнасці, людзей старэйшых за 60 гадоў, пацыентаў з хранічнымі захворваннямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі