ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 чэрвеня 2022, 16:15

Па-ранейшаму горача, але з дажджамі. Сіноптыкі аб надвор'і на тыдзень

Фота з архіва
Фота з архіва

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарачае надвор'е ў Беларусі захаваецца, але прагназуюцца ападкі. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У канцы чэрвеня хваля гарачага субтрапічнага паветра рашуча завалодала прасторамі нашай краіны. Тэмпературны фон на 4-9 градусаў перавышае кліматычную норму. Але днём 29 чэрвеня пад уплывам няўстойлівай паветранай масы Балтыйскага мора трапічная гарачыня змянялася ліўнямі, якія месцамі ненадоўга панізілі тэмпературны градус. Ліўні былі такой сілы, што на асобных метэастанцыях выпала 36-44 працэнты ўсёй чэрвеньскай нормы ападкаў. У рэкардсменах метэастанцыя Брагін. Тут учора днём выпала 64 мм, што адпавядае 107 працэнтам чэрвеньскай нормы ападкаў. Месцамі ліўні суправаджаліся шквалістым узмацненнем ветру да 17-21 м/с (метэастанцыя Брагін - 28 м/с). У многіх раёнах краіны прагрымелі навальніцы", - расказалі ў Белгідрамеце.

Паводле слоў сіноптыкаў, гарачае надвор'е захаваецца і ў бліжэйшы час.

У пятніцу, 1 ліпеня, будзе без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ноччу будзе ад плюс 12 па ўсходзе да плюс 22 па захадзе. Днём паветра прагрэецца да 28-34 градусаў.

У суботу, 2 ліпеня, прагназуецца пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём па паўднёвым захадзе краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Тэмпература паветра ноччу складзе 11-18 градусаў, а па паўднёвым захадзе - 21 градус. Максімальная тэмпература днём дасягне 27-34 градусаў.

Паводле папярэдняга прагнозу, дыхаць стане лягчэй толькі ў канцы тыдня, калі дзённая тэмпература паветра панізіцца да камфортных значэнняў. Але ў паўднёва-ўсходніх і ўсходніх раёнах максімальныя значэння па-ранейшаму будуць перавышаць 30-градусныя адзнакі.

У нядзелю, 3 ліпеня, ноччу і раніцай па заходняй палавіне рэспублікі, днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі магчымы навальніцы і ўзмацненне ветру да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу будзе 13-20 градусаў. Днём тэмпература паветра складзе 22-29 градусаў, а па ўсходняй палавіне - 30-33 градусы.

У панядзелак, 4 ліпеня, месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ноччу - 13-20 градусаў, днём - 24-29, а па ўсходзе - 30-33 градусы.

У аўторак, 5 ліпеня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Ноччу тэмпература паветра складзе 13-20 градусаў. Днём будзе 23-28 градусаў, па паўднёвым усходзе тэмпература дасягне 29-32 градусаў.

У сераду, 6 ліпеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ноччу будзе 13-20 градусаў, а днём - 21-27 градусаў. Па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 30 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі