
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На рэках Беларусі будзе адзначацца ў асноўным спад узроўняў вады, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"На Прыпяці каля вёскі Чэрнічы ўзровень вады апусціўся ніжэй за небяспечную высокую адзнаку, на Бярэзіне каля Беразіно і Светлагорска вада ўвайшла ў рэчышча. Значэнні ўзроўняў вады на Нёмане каля Гродна і Дняпры каля Магілёва апусціліся ніжэй за небяспечныя нізкія адзнакі, пры якіх назіраюцца цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту. На гэты момант на рэках Беларусі прадаўжаецца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-26 см. На Нёмане каля Гродна і Дняпры каля Магілёва ўзроўні вады знаходзяцца ніжэй за адзнакі, якія лімітуюць суднаходства", - расказалі ў Белгідрамеце.
Узроўні вады перавышаюць адзнакі выхаду вады на пойму на Дняпры на ўчастку Жлобін - Лоеў, Прыпяці на ўчастку Чэрнічы - Нароўля, яе прытоках рэках Піна, Стыр, Случ, Сцвіга, Убарць, Пціч, а таксама прытоку Сожа рацэ Іпуць. На Прыпяці ў Петрыкава ўзровень вады перавышае небяспечную высокую адзнаку.
Паводле даных МНС, затапленні рачнымі водамі назіраюцца ў большасці раёнаў Гомельскай вобласці і Віцебскім раёне.
Тэмпература вады ў рэках і вадаёмах павысілася і знаходзіцца ў межах плюс 12-19 градусаў.
Паводле інфармацыі гідролагаў, у бліжэйшую пяцідзёнку на рэках Беларусі будзе адзначацца ў асноўным спад узроўняў вады, на Дняпры каля Жлобіна, Піне каля Пінска і Убарці каля вёскі Краснабярэжжа вада ўвойдзе ў рэчышча.-0-