ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 мая 2022, 15:06

Міністэрства аховы здароўя пракаменціравала спрошчаную працэдуру допуску да работы ўрачоў з Украіны

Фота з архіва
Фота з архіва

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя спрасціла працэдуру допуску ўкраінскіх грамадзян да работы на пасадах медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў, паведаміла журналістам начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі здарыліся пэўныя падзеі ва Украіне, перад Міністэрствам аховы здароўя была пастаўлена задача аб спрашчэнні працэдуры прыёму на пасады медыцынскіх работнікаў украінскіх грамадзян, якія беглі з тых жудасных умоў і не мелі пры сабе поўнага камплекта дакументаў, неабходных для працаўладкавання ў нашай краіне", - адзначыла Вольга Калюпанава.

"Каб абараніць гэтых грамадзян, якія просяць у краіны прыстанішча і хадайнічаюць аб статусе бежанца, мы прынялі такое рашэнне аб допуску ўкраінскіх грамадзян па спрошчанай сістэме", - адзначыла начальнік упраўлення. Яна растлумачыла, што размова ідзе аб пастанове Міністэрства аховы здароўя ад 21 красавіка 2022 года нумар 36.

"Гэта значыць, што ім не трэба атрымліваць пасведчанне аб прызнанні дакументаў у нашай краіне, не трэба мець сертыфікат інтэрнатуры. Дастаткова мець дакумент аб адукацыі, і на гэтых умовах мы прымаем іх на пасады ў адпаведнасці з кваліфікацыяй, якая пазначана ў гэтым дакуменце", - дадала Вольга Калюпанава.

Яна нагадала, што для займання пасады ўрача-спецыяліста або правізара ў Беларусі патрабуецца сертыфікат інтэрнатуры, атрыманы тут. Разам з тым, каб не ўводзіць украінскіх грамадзян дадаткова ў стрэсавую сітуацыю, урачоў-спецыялістаў і правізараў, якія атрымалі дыплом да 2020 года, будуць прымаць на адпаведныя пасады для работы пад кантролем вопытных урачоў. Яны будуць працаваць на працягу шасці месяцаў, а потым здаваць экзамен інтэрнатуры і прадоўжаць работу. Калі яны скончылі ўстанову адукацыі ва Украіне пасля 2020 года, іх возьмуць на пасаду ўрача-інтэрна або правізара-інтэрна.

"Што датычыцца сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у гэтай сітуацыі пры наяўнасці дыплома аб адукацыі яны прымаюцца на пасады сярэдняга медперсаналу ў адпаведнасці з кваліфікацыяй у дыпломе, шэсць месяцаў працуюць пад кантролем нашых спецыялістаў і потым дапускаюцца да работы без якіх-небудзь умоў. Калі яны не маюць працоўнай кніжкі, гэта не будзе з'яўляцца перашкодай для працаўладкавання ў нашай краіне", - адзначыла начальнік упраўлення.

Яна заўважыла, што калі ўкраінскія грамадзяне не змогуць прадаставіць дакумент аб наяўнасці медыцынскай адукацыі, ім прапануюць іншыя немедыцынскія пасады, напрыклад, малодшага медперсаналу.

Вольга Калюпанава падкрэсліла, што рашэнне аб спрошчанай працэдуры допуску да работы звязана з хадайніцтвамі ўкраінскіх грамадзян. Яны прасілі аб працаўладкаванні, каб мець сродкі да існавання, для забеспячэння сем'яў, якія прыбылі ў Беларусь разам з імі. "Вядома, наша краіна адгукнулася, каб людзі не засталіся без сацыяльнай падтрымкі", - заўважыла яна.

Вольга Калюпанава падкрэсліла, што цяпер каля 10 чалавек (урач-неўролаг, стаматолаг, медсёстры, фельчары) працуюць ужо ў арганізацыях аховы здароўя Беларусі. Яшчэ шэсць чалавек звярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя за аналагічнай дапамогай і ў бліжэйшы час будуць працаўладкаваны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі