
22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галіна грамадскага харчавання ў Беларусі развіваецца дынамічна, трэба прымаць меры для далейшага яе стымулявання. Аб гэтым заявіў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў перад нарадай з прадстаўнікамі сферы грамадскага харчавання ў МАРГ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галіна грамадскага харчавання займае значную долю ў эканоміцы дзяржавы і важна для іміджу краіны. За першыя чатыры месяцы бягучага года галіна паказала рост: тавараабарот склаў Br1,5 млрд, або 110,4 працэнта ў супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня - красавіка 2022 года. Забяспечанасць плошчамі грамадскага харчавання склала 42 месцы на 1 тыс. грамадзян. На 1,2 працэнта вырасла колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання і склала 24,4 тыс. Расце і колькасць юрыдычных асоб, якія аказваюць паслугі ў гэтым сегменце рынку. Таму мы бачым дадатную дынаміку", - сказаў Аляксей Багданаў.
Разам з тым ёсць шэраг праблемных пытанняў, якія хвалююць бізнес-супольнасць: тарыфы на электраэнергію, падаткаабкладанне, ільготы для невялікіх прадпрыемстваў, узгадненне рэкламы, шыльдаў, рэжымаў работы. "Мы сабралі гэтыя пытанні, акумулявалі, падрыхтавалі на іх адказы і цяпер будзем іх абмяркоўваць. Да нас прыехала больш за 90 суб'ектаў гаспадарання з усёй рэспублікі. Думаю, што сёння пачуем і шэраг іншых пытанняў, якія неабходна аператыўна вырашыць, каб галіна прадоўжыла дынамічна развівацца ў нашай краіне", - адзначыў міністр.
"Прадставіць гасцям нашу культуру, традыцыі, кухню праз грамхарч - важная дзяржаўная задача. Стымуляванне гэтай работы павінна адбывацца пастаянна, таму што ўмовы работы змяняюцца, і мы павінны аператыўна падладжвацца", - рэзюмаваў Аляксей Багданаў.-0-