Сцяг Чацвер, 20 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 сакавіка 2023, 17:00

Любецкая: канстытуцыйнае рэфармаванне заканадаўства ідзе даволі інтэнсіўна

14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйнае рэфармаванне заканадаўства ідзе даволі інтэнсіўна, заявіла журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Практычна год мы працуем па абноўленай Канстытуцыі, і тыя задачы, якія былі пастаўлены па выніках рэферэндуму, знаходзяцца ў высокай стадыі рашэння, заканатворчы працэс ідзе даволі інтэнсіўна. Калі сказаць коратка, то за час, што мінуў з моманту канстытуцыйнага рэферэндуму, заканадаўства зведала значныя змяненні. Прычым як кадыфікаванае, так і законапраекты, якія рыхтаваліся згодна з планам унясення змяненняў у заканадаўства па выніках рэферэндуму, - расказала Святлана Любецкая. - Ужо адкарэкціраваны законы, якія датычацца дзяржаўнага ладу і органаў дзяржаўнай улады. Гэта закранае работу ўрада, Нацыянальнага сходу. Унесены змяненні ў закон аб статусе дэпутатаў. Да другога чытання падрыхтаваны і знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці праект Кодэкса аб судовым ладзе і статусе суддзяў са змяненнямі і дапаўненнямі, закон, які датычыцца канстытуцыйнага судаводства, закон аб нарматыўна-прававых актах. У прыватнасці, гэта тыя пытанні, што прызначаны вырашаць і забяспечваць прававую базу для правядзення адзінага дня галасавання, для фарміравання Усебеларускага народнага сходу ў яго абноўленым фармаце. Значныя змяненні зведала выбарчае заканадаўства - гэта што датычыцца кадыфікацыі".

Закон "Аб Усебеларускім народным сходзе", як і была пастаўлена задача, прыняты на працягу года. "І ён стане прычынай, каб правесці галасаванне ў адзіны дзень па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, у Палату прадстаўнікоў і далей сфарміраваць Савет Рэспублікі. Тэрмін невялікі - усяго 60 дзён. І таму карэкціроўка заканадаўства ў гэтай частцы ідзе даволі актыўна. Варта згадаць таксама закон "Аб асновах грамадзянскай супольнасці". Заканадаўства, якое датычыцца дзейнасці палітычных партый, зведала змяненні. Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга, што выбудоўваюцца для таго, каб абноўленая сістэма дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай улады дазволіла вырашыць тыя задачы, якія паставіў рэферэндум", - адзначыла яна.

"Паколькі ў абноўленай Канстытуцыі быў захаваны вектар сацыяльнай накіраванасці нашай дзяржавы - прававой, дэмакратычнай, то заканадаўства ў частцы забеспячэння правоў і законных інтарэсаў сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян таксама зведала змяненні. Гэта датычыцца людзей, якія знаходзяцца ў пажылым узросце, з інваліднасцю. Вялікае значэнне ўдзяляецца ў заканадаўстве рабоце з моладдзю і рэалізацыі тых задач, якія былі пастаўлены ў адным з артыкулаў Канстытуцыі, што дзяржава стварае ўмовы не толькі для фізічнага і духоўнага, але і інтэлектуальнага развіцця моладзі, - дапоўніла Святлана Любецкая. - Можна пералічваць шмат напрамкаў заканадаўства, якія сёння ўдасканальваюцца. І скажу, што гэты працэс будзе прадаўжацца, паколькі меркаванне народа было выказана - у абноўленым фармаце замацаваць асноўныя падыходы да нашага жыцця, а цяпер мы іх павінны рэалізаваць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі